Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АСАБІСТАЯ ПРАСТОРА


Сьвятлана Курс, Менск

Чалавек мае нябачную вартасьць, якая для яго важнейшая за ўсялякія дыямэнты. Ён носіць яе з сабою, але ніколі не заўважае. Я кажу пра асабістую сфэру, асабістую прастору. Яна розная ў прадстаўнікоў розных культураў, але, паводле дасьледаваньняў спэцыялістаў, беларусы тут належаць да заходняй культуры — чалавек адчувае камфорт, толькі калі ад яго да суседа 60–70 см.

Шмат якія ўсходнія культуры ня маюць панятку “асабістай прасторы”. Гэтак, у японскай мове няма слова “адсамочанасьць”, а ў арабскай — “згвалтаваньне”, цела чалавека ня мае сувэрэннасьці. На жаль, за апошнія 200 гадоў калянізацыі ўсходнія суседзі накінулі нам свае вартасьці — непавагу да асабістай прасторы. У сучасных гарадах асабістыя сфэры курчацца як шчыгрынавая скура. На гэта ўплываюць і вялізныя дамы на тысячы кватэраў. Чалавека падаўляюць ня іхныя памеры, побач зь якімі ён малюткі, а найперш тое, што, куды б ён ні пайшоў, нават а 4-й гадзіне раніцы — за ім зораць тысячы вачэй.

Швэдзкія навукоўцы сьцьвердзілі, што ў блёчных раёнах колькасьць самагубстваў рэзка падскоквае. А расейскія навукоўцы б’юць трывогу — Расея выйшла на першае месца па самагубствах. Расея — маці такіх зьяваў як общежитие, барак, лагерь, колхоз, коммуналка. Беларусы пайшлі ўсьлед за расейцами. Дызайнэр Міхал Анэмпадыстаў кажа, што структуру нашых гарадоў мы ўладкавалі такім чынам, што з аднаго боку шмат адкрытай прасторы, няма інтымнасьці, няма дзе схавацца. З другога — існуе скучанасьць у месцах агульнага карыстаньня.

(Анемпадыстаў: ) “Якраз гэта праблема вялікая нашых гарадоў — прастора, ня тоесная чалавеку. Тое, што адбываецца цяпер зь Верхнім горадам у Менску — зьнішчэньне тоеснай прасторы, якая яшчэ захоўвалася, невысокія дамы, дрэвы, замкнёная прастора без даляглядаў і стэпаў”.

У транспарце плюшчымся, таму што месца мала, а ў чэргах — каб не пралез ніхто паміж вамі. Чалавека, чыя асабістая прастора парушаецца, напрыклад, пры цісканіне ў транспарце, апаноўвае паніка, ён робіцца агрэсіўны або прыгнечаны, сьцьвярджаюць псыхолягі. Паліцыйны падручнік правілаў допыту навучае сьледчага сядзець як наймага бліжэй да паддопытнага, і каб паміж імі не было бар’еру — стала, напрыклад. Тады чалавек хутчэй выдае сакрэты. Сьледчы павінен усё бліжэй і бліжэй рухацца да паддопытнага. Беларус праводзіць у такіх анамальных умовах ледзь ня ўсё жыцьцё — змалку. Дзеці растуць у цесных кватэрах, ня маюць уласнага пакоя, нават кутка для сну, вучобы. Чалавек, якога зацесна атачаюць іншыя людзі, аддаляецца ад свае чалавечае прыроды.

Дызайнэр Дзьмітры Сурскі лічыць, што беларуская норма жылплошчы — 12 квадратных мэтраў на чалавека — замалая для гарманічнага разьвіцьця асобы.

(Карэспандэнтка: ) “У дамах — норма па 12 мэтраў на чалавека. Гэта дызайнэрскія патрабаваньні?”

(Сурскі: ) “Я ня думаю, што гэта выклікана эрганамічнымі, дызайнэрскімі патрабаваньнямі. Хутчэй за ўсё, гэта адзінае, што можа даць дзяржава”.

Варта дадаць, што дызайнэры разьлічваюць прастору транспарту, жыльля, гораду, мэблю на чалавека ростам 170 сантымэтраў, вагою 80 кіляграмаў. А беларусы ж аксэлеруюцца. Ім робіцца зацесна.

Псыхоляг і ювэнальны юрыст Алеся Карнейчык лічыць, што бунты ў беларускіх турмах зьвязаныя менавіта з адсутнасьцю экалёгіі чалавечае асобы, найперш прасторы:

(Карнейчык: ) “Так, гэта выклікана ў асноўным недахопам асабістае прасторы. У людзей нават няма магчымасьці пабыць сам-насам”.

Доктар Агастэс Кінцэль, які дасьледаваў псыхалёгію зьняволеных, сьцьвердзіў, што людзі, якія зьдзейсьнілі гвалт над іншым чалавекам, скардзіліся, што ахвяры самі “лезьлі да іх”. Паводле Кінцэля, недахоп асабістае прасторы — адна з грунтовых прычынаў чалавечага гвалту. Такой праблемы не існуе ў сьвеце жывёлаў, бо там асобіны аднаго віду заўжды паважаюць чужую тэрыторыю.

Каб нашае грамадзтва стала шчасьлівейшым, мы мусім цалкам перабудаваць наш побыт. На прыклад заходніх краінаў. Гаворыць германіст Пётра Садоўскі, які больш за тры гады пражыў у Нямеччыне:

(Садоўскі: ) “Беларус — індывідуаліст ня меншы й ня большы за заходніка, толькі гэта індывідуаліст іншага кшталту. Беларус можа любіць Беларусь за ляндшафты і песьні. Заходнік любіць сваю Нямеччыну, Францыю, Італію праз сваю фірму, праз сваю партыю. Ён захоўвае сваю асабістую прастору. У мяне самае яркае ўражаньне ад Нямеччыны: калі я ішоў па кірмашы ў Боне, я наступіў на нагу тынэйджэру. Ён выбачыўся перада мною. Заходнія людзі ніколі ня дыхаюць адно аднаму ў патыліцу, калі гэта не прыежджыя шры-лянкійцы, арабы, альбанцы. Яны захоўваюць чыста фізычную адлегласьць”.

Немагчыма ўвадначас зьнішчыць набудаваныя за дзесяцігодзьдзі дамы-мурашнікі, зрабіць крамы і транспарт больш прыдатнымі. Тады існуе адзіны спосаб — не заўважаць людзей у грамадзкіх месцах. Псыхоляг Хрысьціна Сухотка лічыць гэта адзіным дзейсным спосабам захваць сваю асабістую прастору — абязьлічыць чалавека, заміж таго каб ненавідзець яго. Мы не ненавідзім дрэва або дом, якія занадта блізка да нас. Такім жа нежывым трэба ўспрымаць занадта блізкага суседа, які навісае на плечы ў чарзе, або плішчыцца ў транспарце.

Дасьледнік сацыяльнай філязофіі Зьміцер Маркушэўскі лічыць, што фізычная асабістая прастора ёсьць сасудам, у якім зьмяшчаецца духоўная сутнасьць чалавека. Права на прыватную прастору ёсьць адным з падставовых правоў чалавека, хаця ў міжнародным заканадаўстве яно замацаванае ўскосным чынам.

(Маркушэўскі: ) “Калі няма асабістай прасторы, няма чалавека. У гэтай прасторы снуюцца й захоўваюцца думкі і ідэі асобы. І натуральна, што гэтая прастора павінная быць”.

Знаёмы сьвятар сказаў мне аднойчы: “Рай мае сотавую структуру, дзе кожны чалавек знойдзе сваю, інтымную нішу. Пекла й страшны суд нагадваюць таталітарны лягер, дзе вялікія масы спалоханых і разьюшаных людзей умацоўваюць адчай адзін аднаго. Мы стварылі тут інтэр’еры пекла”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG