Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫБАРЧАЯ КААЛІЦЫЯ ПАШЫРАЕЦЦА


Уладзімер Глод, Менск

Цяпер ужо шэсьць партыяў выступаюць за складаньне адзінага сьпісу дэмакратычных кандыдатаў на выбарах у Палату прадстаўнікоў, што маюць адбыцца восеньню наступнага году.

Працэс далучэньня “зялёных” (а гэтая партыя дзейнічае з канца 1994 году і мае ў сваіх шэрагаў 1200 асобаў) супаў з атрыманьнем кааліцыяй рабочага назову. Цяпер яна завецца “5+”. Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які старшыняваў на сёньняшнім паседжаньні, падкрэсьліў, што пашырэньне кааліцыі ёсьць заканамерным крокам:

(Лябедзька: ) “Калі пачаўся працэс кансалідацыі і аб’яднаньня, то амаль усе рэальныя арганізацыі прынялі такое рашэньне, у тым ліку і партыя зялёных. Мы пачыналі як “пяцёрка”, затым фармат пашырыўся, і мы фактычна трансфармаваліся у “5+”. Размова ідзе пра некалькі соцень суб’ектаў: грамадзкія арганізацыі, аб’яднаньні, прафсаюзныя, маладзёвыя, прадпрымальніцкія структуры. Ужо “плюс” стаў, відаць, больш шырокім, чым сама “пяцёрка”. А маем намер, каб гэтая трансфармацыя скончылася стварэньнем шырокай народнай кааліцыі”.

Прэзэнтацыю выбарчай кааліцыі вырашылі правесьці ў студзені наступнага году. Да гэтага часу маюць намер скласьці адзіны сьпіс кандыдатаў у дэпутаты. Тады ж будзе абвешчанае і першае пасланьне жыхарам Беларусі: што гэта за кааліцыя, навошта яна створаная, якія ў яе пэрспэктывы.

Увечары 12 лістапада лідэры кааліцыі будуць у Віцебску. Гэта паездка стане працягам іхных візытаў у розныя рэгіёны Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG