Тыднёвы перапынак у судовым разьбіральніцтве расейскія мас-мэдыі скарысталі дзеля распаўсюду інфармацыі пра тое, што нафтагазавыя кампаніі Расеі, у тым ліку і “Славнафта”, перагледзяць умовы і аб`ёмы паставак сырой нафты для перапрацоўкі на беларускіх заводах.
Так ці інакш, але на сёньняшняе паседжанне суду пазоўцы – прадстаўнікі таварыства “Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод плюс” – не зьявіліся. Не было нават адваката таварыства. Праўдападобна, прадстаўнікі таварыства прадбачылі, якім будзе рашэньне суду.
Калегія пад старшыньствам Натальлі Сарнаўскай пасьля разгляду хадайніцтваў і сутнасьці пазову вырашыла спыніць разгляд справы ў дачыненьні “Славнафты” і цяперашняга рэгістратара ейных каштоўных папераў – расейскага таварыства “Рэгістратар РОСТ”. Зьняты арышт на 15% акцыяў “Славнафты”.
Адмоўлена ў задавальненьні прэтэнзіяў “МНПЗ Плюс” да беларускага “Прыёрбанку” як утрымальніка спрэчных акцыяў. Гаворыць судзьдзя Натальля Сарнаўская:
(Сарнаўская: ) “У адносінах расейскай кампаніі справа спыненая і “Рэгістратара РОСТ” таксама. Пазоў таварыства да “Прыёрбанку” быў неабгрунтаваным, таму і адмоўлена у задавальненьні. Што да прэтэнзіяў “МНПЗ Плюс” да нафтагазавай кампаніі, то такое судовае разьбіральніцтва даўно вядзецца ў Расеі. Пазовы аднолькавыя. Дакумэнтаў раней у суда не было, а цяпер гэта высьветлілася”.
Стала вядома, што намесьнік дырэктара “МНПЗ Плюс” Мікалай Ястрэмскі, які прадстаўляў таварыства ў Гомельскім гаспадарчым судзе, сапраўды ад’ехаў у расейскую сталіцу, дзе знаходзіцца галоўны офіс “Славнафты”.
20 кастрычніка ў арбітражным судзе Масквы будзе ізноў разглядацца пазоў таварыства “МНПЗ Плюс” да “Славнафты” і папярэдняга рэгістратара акцыяў нафтавай кампаніі – закрытага акцыянэрнага таварыства “Сэрвіс-Рээстар”.
Суды ў расейскай сталіцы цягнуцца ўжо больш за 4 гады. Спрэчныя імянныя акцыі мазырскіх рабочых вандруюць ад кампаніі да кампаніі. Мяняюцца і рэгістратары.
Адзін з апошніх пазоваў да афшорнай кампаніі “Эскалібур Капітал”, якая нібыта перакупіла акцыі мазырчукоў у “Кондара”, завяршыўся нічым. Кампанія зьліквідаваная, і з гэтай прычыны справа арбітражным судом Масквы была спыненая.
Цяпер у якасьці адказчыка заяўленая “Славнафта”.