Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКІМ МЭТРО БУДУЦЬ СТАНЦЫІ “СПАРТЫЎНАЯ” Й “ПЛОШЧА ЛЕНІНА” – ЗАМЕСТ “РАКАЎСКАЙ” І “ПЛОШЧЫ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ”


Юры Сьвірко, Менск

Толькі ў аўторак на афіцыйным сайце Менскага гарвыканкаму зьявілася рашэньне ад 5 чэрвеня пра перайменаваньне новай станцыі “Ракаўская”, што будзе наступнай пасьля “Пушкінскай”. Яно скасоўвае рашэньне красавіка 1994 году й замест “Ракаўскай” дае станцыі назву “Спартыўная”. Абгрунтаваньне падаецца гэткае: “Улiчваючы блiзкасьць размяшчэньня будуемай станцыi мэтро "Ракаўская" з унiкальным спартыўым збудаваньнем – Менскiм Лядовым палацам, у мэтах папулярызацыi здаровага ладу жыцьця”.

Змаганьне за “Ракаўскую” ў незалежных газэтах і на інтэрнэт-сайтах плёну не дало. Але цяпер распачаўся наступ уладаў на назву станцыі “Плошчы Незалежнасьці”. На гэтай менскай станцыі мэтро, што паміж чыгуначным вакзалам і Домам ураду, вялізныя літары “Плошча Леніна” вісяць ужо 19 гадоў, ад самага пачатку працы мэтрапалітэну, і ніхто іх за гэты час не мяняў. Але дыктар у цягніку дагэтуль абвяшчае на беларускай мове: “Станцыя “Плошча Незалежнасьці”. Выхад да чыгуначнага вакзалу”.

Саму плошчу перайменавалі яшчэ ў 1991 годзе, разам зь Ленінскім праспэктам і вуліцай Горкага, але цяпер раптам высьветлілася, што адмысловага рашэньня наконт назвы станцыі мэтро не было і фармальна яна ўвесь час заставалася “Плошчай Леніна”. Увайшоўшы ў мэтро з боку плошчы Незалежнасьці, я спытаўся ў кантралёркі ля турнікетаў Тацяны Карчміт:

(Карэспандэнт: ) “Як ваша станцыя гэтая называецца?”

(Карчміт: ) “Плошча Незалежнасьці”.

(Карэспандэнт: ) “А Вы ведаеце, што яе зноў хочуць зрабіць “Плошчай Леніна”?

(Карчміт: ) “Чула такое. Тут у нас на станцыі дзяўчаты гаварылі пра гэта. Я тут нядаўна працую – як прыйшла, дзяўчаты й гаварылі, што хочуць перайменаваць”.

(Карэспандэнт: ) “А Вам як больш падабаецца?”

(Карчміт: ) “Незалежнасьці” гучыць больш горда”.

Гэтую думку спадарыні Карчміт не падзяляе начальнік Менскага мэтрапалітэну Мікалай Андрэеў. На маё пытаньне, чаму зноў хочуць называць станцыю “Плошчай Леніна”, ён адказаў гэтак:

(Андрэеў: ) “Што значыць “зноў”? Яе ніколі не пераймяноўвалі – станцыю. Вы езьдзіце ў мэтро й ня бачыце, што ўсё жыцьцё яна “Плошча Леніна” на пуцявой сьцяне й напісаная. Я сам у побыце кажу то “Плошча Леніна”, то “Плошча Незалежнасьці” – так і машыністы. “Плошча Леніна” ад самага пачатку й да сёньняшняга дня – “Плошча Леніна”.

(Карэспандэнт: ) “А тое, што дыктар кажа, – “Плошча Незалежнасьці” – зьменяць ці не?”

(Андрэеў: ) “Зьменяць, зьменяць”.

(Карэспандэнт: ) “А калі?”

(Андрэеў: ) “Хутка”.
(Карэспандэнт: ) “Ну прыблізна?”

(Андрэеў: ) “Што прыблізна? У гэтым месяцы й зьменяць”.

Спадар Андрэеў адмовіўся патлумачыць, чаму гэтая праблема выявілася толькі сёлета, праз 11 гадоў пасьля перайменаваньня. Але спрыяла гэтаму фірма мабільнай сувязі “Вэлкам”, якая вырабіла новыя схемы лініяў мэтро са сваёй рэклямай і старой назвай станцыі “Плошча Леніна”. Раней на схемах пісалі “Незалежнасьці”. Начальнік менскага мэтро адно толькі заявіў, што “памылкі задараюцца ў кожнага”, але даў зразумець, што вяртаньне да ленінізму – гэта не ягоная ініцыятыва.

(Андрэеў: ) “Я перайменаваньнем станцыяў не займаюся. У нас – эксплюатацыйнае прадпрыемства, мы возім пасажыраў, а не займаемся там… “Леніна”, “Ракаўская” ці якая яшчэ. Якую далі, такой мы й займаемся”.

Супрацоўнікі мэтрапалітэну спасылаюцца на Менскі гарадзкі выканкам, які адказвае за назвы станцыяў мэтро. Але кіраўніцтва гораду ўжо месяц адмаўляецца тлумачыць свае дзіўныя ідэі кшталту перайменаваньня “Ракаўскай”. Мажліва, слова “Незалежнасьць” гучыць у беларускім мэтро апошнія дні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG