Аксане Новікавай трыццаць гадоў. Яна адна выхоўвае двухгадовую дачку Рэану. Крымінальная справа Аксаны Новікавай стала чацьвертай пасьля справаў журналістаў Паўла Мажэйкі, Міколы Маркевіча і Віктара Івашкевіча, якіх асудзілі за паклёп на Лукашэнку і ягонае атачэньне.
Аксана ў судзе патлумачыла, што летась выразала з газэты фатаздымак Лукашэнкі, наклеіла яго на паперку, а пад ім надрукавала пералік артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія, на яе думку, ён парушыў. Пры гэтым Аксана свае доказы грунтавала на публікацыях у незалежным друку. Суду спатрэбілася ўсяго тры гадзіны, каб дапытаць сьведкаў і прызнаць Аксану вінаватай у паклёпе на Лукашэнку.
(Карэспандэнтка: ) “Аксана, ці будзеце вы працягваць сваю грамадзка-палітычную дзейнасьць?”
(Новікава: ) “Я буду рабіць усё, што магу. Я буду працягваць сваю дзейнасьць. Прысуд, які мне вынесьлі, ня можа мяне запалохаць. Можа я й няшмат магу зрабіць, але ж калі маўчаць і нічога не рабіць, то ніякіх зьменаў у Беларусі ня будзе. Я лічу, што мой прысуд быў скіраваны на тое, каб такія, як я, не выходзілі на вуліцы”.
(Карэспандэнтка: ) “Якія ў вас пляны?”
(Новікава: ) “Безумоўна, я б хацела працягваць займацца сваёй справай — прадпрымальніцтвам. Але я добра ведаю, што мне не дазволяць. Гэта нерэальна. Спакойна працаваць мне не дадуць, як і сыну Міхаіла Чыгіра. Мне трэба шукаць нейкія іншыя шляхі для таго, каб зарабіць грошы”.
(Карэспандэнтка: ) “Якое вы бачыце выйсьце для сябе?”
(Новікава: ) “У мяне падрастае дачка. Я хачу, каб яна ня ведала таго жаху, які ведаем мы праз праўленьне Лукашэнкі. Я хачу, каб яна была вольнай, як грамадзяне ў той краіне, дзе яна нарадзілася. Некаторы час я жыла ў Францыі. Там я нарадзіла сваю дачку. Я хачу, каб Беларусь была такой жа квітнеючай краінай, як і Францыя. Мы ня горшыя за французаў”.
Цягам месяца справу Аксаны Новікавай разгледзяць у гарадзкім судзе і дадуць адказ. Адвакат Аксаны Павал Сапелка не спадзяецца на станоўчы вынік, бо перакананы, што раённы суд груба парушыў працэсуальныя нормы з дазволу вышэйшых інстанцыяў.