Мясцовыя жыхары дапускаюць, што задзейнічаны на разбурэньні міліцыянты ў цывільным. Паколькі яны адчуваюць сябе вельмі свабодна. Іх ніхто не ахоўвае. Уначы былі зьбіты два крыжы, усталяваныя над дзьвярыма. Пасьля гэтага першы этап разбурэньня закончыўся.
Улады выкарысталі дзьве акалічнасьці. Па-першае, адсутнасьць сьвятара Івана Спасюка. А таксама тое, што ніхто не чакаў, што акцыя пачнецца гэтак раптоўна. Напярэдадні ночы. Вернікі спадзяваліся, што да разбурэньня ня дойдзе. Пакуль ў канфлікце не разьбяруцца абласныя ўлады. Але тыя націснулі на раённыя. Каб яны не зацягвалі.
Іван Спасюк атрымаў уначы інфармацыю, што яго расшукваюць. А таксама,
што ў росшуку ягоная машына. Ён цяпер мусіць хавацца разам з сям’ёю.
Сёньня раніцай да царквы зноў пачалі зьбірацца вернікі. Міліцыя па-ранейшаму нікога не пускала. Але руйнаваць царкву пачалі толькі ў абед. Таксама сталі разбураць тую частку пабудовы, якая рабілася непасрэдна як дом для сям’і сьвятара. На пабудову якога ён мае ўсе законныя правы.
Царква ў Пагранічным павінна была стаць першым у краіне храмам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Улады не прызнаюць яе, каб не парушыць манаполіі, якую мае ў Беларусі Руская праваслаўная царква. Таму, па словах Івана Спасюка, дадзена каманда-на месцы, дзе стаяла царква, усё зраўняць зь зямлёю.