Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АД БЫЛОГА ДЫРЭКТАРА, А ЦЯПЕР ФЭРМЭРА ПАТРАБУЮЦЬ ЗАПЛАЦІЦЬ КАНСЭРВАВАМУ ЗАВОДУ


Казімер Яноўскі, Гомель

Пракурор патрабаваў ад фэрмэра Шруба выплаціць Тураўскаму кансэрваваму заводу 12 мільёнаў 352 тысячы рублёў. Гэта нібыта сума страты, нанесенай спадаром Шрубам падчас ягонага непрацяглага дырэктарства на заводзе.

Узначаліць завод зь ягонымі шматмільённымі даўгамі вядомага фэрмэра намовіў былы старшыня Гомельскага аблвыканкаму Мікалай Вайцянкоў. На аснове заводу, фэрмэрскай гаспадаркі і калгасу “Новае жыцьцё” абласныя чыноўнікі плянавалі апрабаваць новую мадэль рэфармаваньня сельскай гаспадаркі.

Гэтаму аднак супраціўляўся старшыня райвыканкаму Пётра Савіцкі, якому недаспадобы незалежнасьць спадара Шруба і наагул усялякая самастойнасьць.

Убачыўшы, што райвыканкам і не зьбіраецца выконваць умовы рэфармаваньня заводу і калгасу, Міхаіл Шруб пакінуў пасаду дырэктара.

Усьлед за гэтым райвыканкам прыслаў свайго рэвізора Васіля Бандзюка шукаць кампрамат на спадара Шруба. Урэшце яго абвінавацілі ў продажы зялёнага гарошку нібыта паводле заніжаных цэнаў і выкарыстаньні заводзкага памяшканьня ў інтарэсах фэрмэрскай гаспадаркі.

На падставе неабгрунтаванага акту рэвізіі пракурор і падпісаў позву ў суд на Шруба. А каб гэта не выглядала звычайнай помстай, пэўныя сумы гэтак званай шкоды сталі прад'яўляць і дзьвюм майстаркам заводу — Тацяне Карпачовай і Галіне Шыбанавай.

Суд зь перапынкамі тройчы разглядаў позву пракурора Купрацэвіча. Прадстаўніца заводу, начальніца вытворчасьці Валянціна Васільцова адмовілася ад прэтэнзіяў да майстарак. Не падтрымала яна позву на Шруба.

Але паколькі новы дырэктар заводу спадар Юнчыц даў свайму прадстаўніку абмежаваную даверанасьць, суд ня мог закрыць справу без разгляду. Дарэчы, на разглядзе справы да канца настойваў і сам адказчык Шруб.

Сёньня на судзе стала канчаткова зразумела, што прэтэнзіі да Шруба цалкам надуманыя. Каб выратаваць сфабрыкаваную справу, памочнік пракурора Сяргей Белікаў хадайнічаў пра правядзеньне незалежнай аўдытарскай праверкі. Аднак судзьдзя Алег Касьцючэнка адхіліў хадайніцтва і прызнаў позву неабгрунтаванай паводле ўсіх пунктаў. Завод да таго ж будзе вымушаны сплаціць суду дзяржаўную пошліну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG