Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 сьнежня 1998 г.


Віталь Тарас

Сёньня ў Вышэйшым Гаспадарчым Судзе Беларусі разглядалася справа паводле зыску рэдакцыі газэты «Наша Ніва» да Дзяржкамдруку. «Наша Ніва» настойвае на неправамоцнасьці папярэджаньня на свой адрас з боку Дзяржкамдруку, тым больш што для гэтага зьявіліся новыя падставы. Рашэньне суду адкладзенае да 18 сьнежня.

Нагадаем, што Вышэйшы Гаспадарчы Суд Беларусі пачаў разгляд справы яшчэ напрыканцы чэрвеня гэтага году. Газэта «Наша Ніва» вырашыла менавіта праз суд аспрэчыць як незаконнае папярэджаньне Дзяржкамдруку за 26 траўня «аб недапушчэньні скажэньня агульнапрынятых норм выкарыстоўваемай мовы». Як высьветлілася ў судзе, папярэджаньне грунтавалася на ацэнках аднаго толькі навуковага супрацоўніка Інстытуту Мовазнаўства Акадэміі Навук Жураўскага. Заключэньне было зробленае аднак ад імя ўсяго інстытуту.

Рэдакцыя «Нашай Нівы» запатрабавала правесьці аб'ектыўную незалежную экспэртызу. Судзьдзя Вышэйшага Гаспадарчага Суду Петухова ў адказ накіравала запыт на экспэртызу зноў-ткі ў Інстытут Мовазнаўства, праўда, пры гэтым у склад экспэртнай камісіі пад націскам скаржнікаў судом былі ўключаныя дадаткова некалькі чалавек зь іншых навучальных і навуковых установаў.

22 верасьня адбылося пасяджэньне экспэртнай камісіі, у якой прысутнічалі ад Інстытуту Мовазнаўства Акадэміі Навук намесьнік дырэктара па навуковай працы Лукашанец, старшы навуковы супрацоўнік Арашонкава, загадчык аддзелу гісторыі беларускай мовы, член-карэспандэнт Акадэміі Навук Булыка, галоўны навуковы супрацоўнік Жураўскі, вядучы навуковы супрацоўнік Крывіцкі, загадчык аддзелу дыялекталёгіі й лінгвагеаграфіі Кунцэвіч, вучоны сакратар Русак. Прысутнічалі таксама загадчык катэдры беларускага мовазнаўства Белдзяржпэдунівэрсытэту Міхайлаў, прафэсар катэдры тэарэтычнага й славянскага мовазнаўства Плотнікаў, старшыня камісіі па правапісу Таварыства Беларускай Мовы Цыхун. Акрамя таго загадчык катэдры беларускага й тэарэтычнага мовазнаўства Горадзенскага дзяржунівэрсытэту Сьцяцко даслаў сваё пісьмовае заключэньне.

Камісія разгледзела гэткія пытаньні, сфармуляваныя судом:

1. Вызначыць паняцьце «агульнапрынятыя нормы мовы», у тым ліку беларускай мовы;
2. У якіх прававых ці філялягічных крыніцах вызначаецца паняцьце «агульнапрынятыя нормы мовы»?
3. Ці зьяўляецца выкарыстаньне правапісу, які йснаваў у Беларусі да 1933 году, скажэньнем агульнапрынятых нормаў мовы?

Было прынятае заключэньне, што «ў сучаснай навуковай літаратуры паняцьце "агульнапрынятыя нормы мовы" не выкарыстоўваецца». Адзначалася далей, што такога азначэньня няма і ў прававой літаратуры. Разам з тым па трэцім пытаньні прынятае заключэньне, што «выкарыстаньне правапісу, які йснаваў да 1933 году, зьяўляецца парушэньнем сучасных правілаў правапісу беларускай мовы». Асобную думку выказалі Булыка, Цыхун, Плотнікаў і Міхайлаў.

Булыка, у прыватнасьці, выказаў перакананьне, што артаграфія «Нашай Нівы» з фармальнага гледзішча не зьяўляецца ні скажэньнем, ні нават парушэньнем сучаснага правапісу, паколькі газэта карыстаецца дарэформавым правапісам. У кожным выпадку праблема носіць чыста навуковы характар, і яе нельга вырашыць адміністрацыйным шляхам. Гэтую думку ў той або іншай форме выказалі ўсе запрошаныя экспэрты.

Сёньня амаль тры гадзіны судовага паседжаньня былі прысьвечаныя падрабязнаму разгляду высноваў камісіі. Пры гэтым судзьдзя раз-пораз карысталася ў якасьці тэрміналягічнага дапаможніка слоўнікам расейскай мовы Ожегова.

Аднак найбольш цікавым аказаўся іншы дакумэнт – адказ намесьніка старшыні камісіі «палаты прадстаўнікоў» Аляксеенкі на запыт судзьдзі ў «нацыянальны сход Беларусі» з просьбай даць тлумачэньне выразу «агульнапрынятыя нормы мовы» ў дзейным Законе аб друку. Сп. Аляксеенка паведаміў, што рашэньне гэтага пытаньня не ўваходзіць у кампэтэнцыю камісіі, і дадаў, што ён асабіста рыхтуе да разгляду на сэсіі «нацыянальнага сходу» законапраект аб тлумачэньні артыкулу 6 Закону аб друку.

Судзьдзя Петухова наогул адмовілася лічыць гэта афіцыйным адказам «нацыянальнага сходу». Але прадстаўнік Дзяржкамдруку запрапанаваў адкласьці рашэньне суду да адпаведнага рашэньня «палаты прадстаўнікоў». Ён аднак катэгарычна адмовіўся прызнаць незаконнасьць папярэджаньня і ўвесь час паўтараў, што яно, маўляў, нічым не пагражае рэдакцыі «Нашай Нівы», а тым больш лёсу беларускай мовы. З гэтым аднак не пагаджаецца галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Сяргей Дубавец. Вось што ён сказаў адразу пасьля заканчэньня сёньняшняга паседжаньня:

(Дубавец:) Папярэджаньне Дзяржкамдруку – гэта ёсьць пакараньне газэты, і газэта застаецца з гэтым пакараньнем. Яна, напрыклад... ёй будзе цяжэй прайсьці – або яна яе ня пройдзе ўвогуле – чарговую перарэгістрацыю незалежных газэт, якія так любяць праводзіць у Рэспубліцы Беларусь. Альбо, як мне ў прыватнай гутарцы казаў старшыня Дзяржкамдруку сп. Падгайны – я спытаўся: «А калі суд не адменіць папярэджаньня Дзяржкамдруку? – «Тады, – сказаў ён, – у суд зьвернецца сам Дзяржкамдрук, і зразумела, што ягонае патрабаваньне будзе аб закрыцьці газэты, якая не выконвае патрабаваньняў папярэджаньня». Гэта безумоўна ёсьць суд над мовай, таму што гэта прэцэдэнт. Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублікі Беларусь разглядае беларускае лінгвістычнае пытаньне. Таксама гэта ёсьць суд над мовай паводле чыста нават фармальных прыкметаў: і адказчык і сам суд карыстаюцца расейскай мовай, і ў гэтым судзе вінаватымі й пакаранымі выглядаем толькі мы – супрацоўнікі «Нашай Нівы», якія безумоўна гавораць па-беларуску.

Разам з тым галоўны рэдактар «Нашай Нівы» запрапанаваў сёньня свайго роду кампраміс у судзе: працэс у справе прыпыняецца да рашэньня «нацыянальнага сходу», але Дзяржкамдрук з свайго боку прыпыняе дзеяньне свайго папярэджаньня. Суд вынесе сваё рашэньне ў пятніцу 18 сьнежня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG