Цяпер, калі да выбараў у гэтак званую “Палату прадстаўнікоў” засталося
ўсяго два тыдні, падкантрольныя ўладам акруговыя камісіі працягваюць пазбаўляцца
ад непажаданых кандыдатаў у дэпутаты.
Камісія Гомельскай Юбілейнай выбарчай акругі №33 ужо на этапе агітацыі
пазбавіла статусу кандыдата ў дэпутаты сябра Партыі камуністаў Беларускай
Віктара Хоміча. Спадар Хоміч вылучыўся кандыдатам ў дэпутаты ад партыі
камуністаў у сваёй ранейшай выбарчай акрузе, дзе быў абраным ў Вярхоўны
Савет 13-га скліканьня і ў складзе якога ўзначальваў сталую камісію ў пытаньнях
Чарнобыльскае праблемы. Пасьля сумнавядомага рэфэрэндуму 96-га году Віктар
Хоміч не пайшоў у лукашэнкаву “Палату прадстаўнікоў” — застаўся верным
Вярхоўнаму Савету. З-за гэтага ён доўга ня мог уладкавацца на працу, хаця
мае вучоную ступень кандыдата біялягічных навук. Атрымліваў дапамогу па
беспрацоўю ў гарадзкім цэнтры занятасьці.
23 верасьня ў абласной газеце быў надрукаваны сьпіс шасьці зарэгістраваных
кандыдатаў у дэпутаты па 33-й акрузе. У ліку іх значыўся й Віктар Хоміч
як дырэктар эканамічных праграмаў грамадзкага аб’яднаньня «Фонд садзеяньня
інтэграцыі Беларусі й Расеі». Стаўшы кандыдатам у дэпутаты, Віктар Хоміч
у сваіх гутарках з выбаршчыкамі асаблівую ўвагу надаваў праблемам абароненасьці
людзей ад наступстваў Чарнобыльскае катастрофы. Гэта знаходзіла паразуменьне
ў людзей, бо яны, як і сам Віктар Хоміч, жывуць пераважна ў мікрараёне
«Валатава», найбольш забруджаным у нашым горадзе радыёнуклідамі.
Менавіта ў гэты час, калі ва ўсю разгарнулася перадвыбарчая агітацыя
і стала зразумела, што Віктар Хоміч — сур’ёзны канкурэнт, акруговая камісія
сабралася на паседжаньне, каб разгледзець гэтак званыя “сыгналы пра неадпаведнасьць
зьвестак” у ягонай анкеце. Што гэта былі за сыгналы, распавядае намесьніца
старшыні камісіі Тамара Гайдукова:
(Гайдукова: ) “Гэта былі тэлефонныя званкі ў акруговую камісію”.
Камісія, яную ўзначальвае кіраўнік справамі адміністрацыі Чыгуначнага
раёну Сьвятлана Голад, высьветліла, што ў «Фонд садзеяньня інтэграцыі Беларусі
й Расеі» Віктар Хоміч прыняты быў часова, а ў анкеце указаў, што працуе
там на сталай аснове. У выніку ранейшая пастанова пра рэгістрацыю Віктара
Хоміча кандыдатам у дэпутаты адменена.
Сёньня спадар Хоміч дзеяньні акруговае камісіі аспрэчваў у Цэнтравыбаркаме.
Казімер Яноўскі, Гомель
Самае папулярнае
1