Лябірынт -- знакавае слова беларускае культуры. Цягам стагодзьдзяў
беларусы ратавалі ў нябачных чужынскаму воку сховах мову, звычаі, памяць.
Старажытную беларускую цывілізацыю, схаваную ад захопнікаў у полацкіх
лёхах, паказаў у сваёй фантастычнай аповесьці "Лябірынты" Вацлаў
Ластоўскі.
Слова лябірынт прыйшло да нас з антычнасьці. У грэцкай міталёгіі
Лябірынтам называлася збудаваная на востраве Крыт грандыёзная спаруда
з заблытанымі хадамі, адкуль аніхто ня мог выбрацца. У Лябірынту
жыла крыважэрная пачвара -- чалавека-бык Мінатаўр, якому аддавалі на разарваньне
маладых афінянаў.
Першым, хто выбавіўся зь Лябірынту, быў пераможца Мінатаўра Тэзей,
якому дапамог клубок нітак, падараваны герою закаханай у яго Арыяднай.
Беларусь мае свае лябірынты. І легендарныя, і мэтафарычныя, і
цалкам рэальныя. Найславуцейшы зь іх -- Полацкі -- разгалінаваная сыстэма
падземных хадоў-лёхаў, якая ў сярэднявеччы злучала гарадзкія манастыры
й храмы.
Магчыма, менавіта там, у Полацкім лябірынту ў гады Інфлянцкае
вайны зьнікла славутая Полацкая бібліятэка зь кнігамі, пісанымі рукою самой
Эўфрасіньні. Можа, якраз у гэтых таямнічых лёхах некалі знойдзецца неацэнны
Полацкі летапіс. Існуе вэрсія, згодна зь якой у 1941 годзе зьнікла толькі
копія нашае нацыянальнае сьвятыні -- крыжа Лазара Богшы. А арыгінал таксама
трэба шукаць у полацкіх сутарэньнях.
Цяперашняя ўлада асуджае беларускую культуру зноў на напалову падпольнае
існаваньне, заганяючы яе ў сутарэньні. Ужо каторы год краіна блукае ў лябірынту,
шукаючы зь яго выйсьця ў ХХІ стагодзьдзе.
Уладзімер Арлоў
Самае папулярнае
1