Курапаты - гэта слова-сымбаль. Сымбаль страшнага злачынства расейскіх
бальшавікоў супраць беларускай нацыі. Да 1988 году такога слова практычна
не было ў беларускай мове. Ім карысталіся некалькі дзясяткаў чалавек вёсачкі
Дроздава з дванаццаці хатаў, што ў Бараўлянскім сельсавеце пад Менскам.
Калі я назваў свой артыкул пра сталінскі тэрор "Курапаты - дарога сьмерці",
я ня думаў, што ўводжу новае слова ў беларускую мову і новы тэрмін у беларускую
гісторыю, бо, па справядлівасьці, павінна было б прагучаць іншае слова
- Брод. Так паўсюдна называлася тое ўрочышча, дзе забівалі людзей. Але
ў Дроздаве я напаткаў яшчэ адзін назоў - Курапаты, магчыма пазьнейшы
й паваенны.
Слова, пачутае з вуснаў маладых хлопцаў, уразіла мяне мэтафарычнасьцю
свайго сэнсу й гучаньня. мне тлумачылі, што Курапаты (ці Курапаткі) - гэта
белыя веснавыя кветкі, якія там на магілах, растуць у траўні. Гэтыя кветкі
ў Беларусі называюцца белыя пралескі, а на Віленшчыне яшчэ - курасьлепкі
(бо вечарам і ў цёмнае халоднае надвор'е яны заплюшчваюцца, і як сарвеш
- таксама). У іншым сэнсе курапаткі - гэта птушкі, на якіх палююць. Адсюль
і выслоўе: "Пастралялі, як курапатак".
Мэтафарычныя асацыяцыі слова паўзьдзейнічалі на выбар назвы артыкула
й месца расстрэлаў. Слова стала вядомае ва ўсім сьвеце.
Камуністы некалькі разоў пачыналі перагляд справы пра Курапаты, зьбіралі
мяхі хлусьні, але хлусьня не дапамагала. Памятаю, адзін хлус напісаў нават
успаміны, як ён вайной быццам бы праяжджаў каля Менску і добра памятае,
што бачыў дарожны ўказальнік "Курапаты". (Ва ўрочышча быў указальнік, значыцца).
Курапаты - слова-сьмерць, слова-жах, "ваше слово, товарищ маузер", магільны
помнік расейскаму камунізму.
Зянон Пазьняк, Варшава
Самае папулярнае
1