Ксэракс – капіравальны апарат, заснаваны на мэтадзе ксэраграфіі.
Слова паходзіць ад грэцкага xeros, што значыць “сухі”.
Вынайдзены 60 гадоў таму ксэракс належыць да найзначнейшых тэхнічных
заваёваў ХХ стагодзьдзя.
Былыя савецкія дысыдэнты сьцьвярджаюць, што менавіта ксэракс
разваліў СССР. Калі капіравальныя апараты пачалі лічыць ужо не на адзінкі,
а на сотні ды тысячы, тады і быў створаны дзявяты вал імёнаў, ідэяў і твораў
самвыдату, супрацьстаяць якому ідэалягічныя хваляломы камуністаў ужо не
маглі.
У слове “ксэракс” чуецца імя старажытнага пэрсіцкага цара Ксэркса.
Калісьці карыстаньне ксэраксам сапраўды было царскім прывілеем.
Сёньня гэта амаль такая ж самая звыклая рэч, як пыласос або тэлефон.
Ксэракс мае неаспрэчныя заслугі перад найноўшым беларускім адраджэньнем.
На ксэраксе напачатку 80-х таемна памнажаліся забароненыя тэксты
Янкі Купалы і Вацлава Ластоўскага. Праз 100 гадоў пасьля Багушэвічавай
“Дудкі беларускай” адзін з нашых першых непадцэнзурных літаратурных альманахаў
быў з удзячнасьцю названы “Ксэраксам беларускім”.
Уладзімер Арлоў
Самае папулярнае
1