Крыўда сядзела сабе ціха ў запеччы, пакуль аднойчы, у 1905 годзе,
беларускія мужыкі зь верша Янкі Купалы ня згрэблі яе ў торбу і не панесьлі
на худых плячох у сьвет цэлы. З тых часоў яны заўсёды разам і заўсёды ў
дарозе – беларускія мужыкі і крыўда.
Крыўда абяцала вызваленьне, вабіла вызваленьнем-расплатай. Крыўда
сапраўды вызваляла. Напачатку ад паноў і прыгнёту (назавем гэта вызваленьнем
сацыяльным), потым ад радзімы і мовы ў выніку ўрбанізацыі, і, нарэшце,
вызваліла беларускіх мужыкоў ад іх саміх.
Напрыканцы стагодзьдзя праект крыўдлівага вызваленьня скончыўся.
Самы час спыніцца і агледзецца, адкінуць крыўду разам зь бядой і
доляй. Час – узьняць, нарэшце, на свае худыя плечы праўду і волю, і ўжо
нікуды больш не ісьці.
Напрыканцы стагодзьдзя пакрыўджаныя мужыкі зь верша Янкі Купалы
са зьдзіўленьнем і скрухай пытаюцца: “Дзе ж мой дом, дзе мой люд, дзе Айчызна
мая?”
Ігар Бабкоў
Самае папулярнае
1