Краты ёсьць ерогліфам свабоды.
Прасьцейшы за краты толькі крыж. Ён зашыфраваны ў кратах ці наадварот
- краты зашыфраваныя ў крыжы.
Краты - адно з фундамэнтальных геніяльных вынаходзтваў чалавецтва.
Прырода ня ведае кратаў, як ня ведае кола. Гэта плён чыста чалавечага
розуму. Разумнае жыцьцё на іншых плянэтах напэўна немагчымае бяз
кратаў - лёгкай і эканомнай канструкцыі, якая надзейна перакрывае прастору,
ня дзелячы яе намертва як гэта робіць, напрыклад, сьцяна.
У кратах ёсьць намёк на свабоду - так барханы пустыні нагадваюць марскія
хвалі.
Краты ўражваюць ляканічнасьцю і выразнасьцю знаку: складзіце дзьве пары
пальцаў наўскрыж - і ў Беларусі ў любым з 99 мінулых гадоў стагодзьдзя
вас зразумеюць бяз словаў людзі самага рознага паходжаньня, адукацыі, але
аднолькавага жыцьцёвага вопыту: няпісьменны слуцкі селянін-паўстанец і
акадэмік-нацдэм, верніца-баптыстка і менскі школьнік, студэнт унівэрсытэту
і журналіст.
Краты - мова, на якой чалавек размаўляе зь дзікімі зьвярыма і зьдзічэлымі
homo sapiens. Праўды, зусім ня краты вызначаюць, хто знаходзіцца
на якім іх баку - хто закратаваны, хто не.
Апатэоз кратаў наступіў у ХХ стагодьдзі, калі за кратамі пабывала
людзей больш, чым за ўсе папярэднія разам узятыя. Краты - безумоўны
сымбаль стагодзьдзя, ягоная родавая адзнака.
У беларускую мову краты прыйшлі з лаціны. Статут рабоча-сялянскай
чырвонай арміі, які ў 20-я гады быў надрукаваны ў Беларусі, патрабаваў,
каб перад уваходам у казарму абавязкова ляжала "кратка для абціраньня ног".
Гэта ці не адзіны выпадак спробы пашырэньня сэмантычнага поля слова, якое
нашае стагодзьдзе намёртва загнала ў адзін шэраг са словамі арышт, этап,
кайданы, турма, саветы і, канешне, першы прэзыдэнт.
Аляксандар Лукашук
Самае папулярнае
1