Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыя


Ох і любім жа мы беларусы ўхваляцца, упівацца сваёй рахманасьцю ды пакорлівасьцю. Ужо ж такія мы паслухмяныя, гэткія спакойныя, ажно сумнеў бярэ, ці бывае ўвогуле ў сьвеце гэтулькі трываньня і цярплівасьці ў адным месцы?

А скажу ж я вам – бывае. Пэўне, такая нашая канстытуцыя, будова, гэткае ўстанаўленьне, склад нашай псыхікі. І якую ты нам Канстытуцыю звонку не падкінь, як не ўсталюй нашую дзяржаўную будову, як ня зьменьвай склад, усё роўна мы будзем цярпліва чакаць, калі і хто дазволіць жыць лепей.

Як станеш чытаць якія гістарычныя нарысы, дык толькі дзівісься – чаму продкі здабывалі і мелі, а мы толькі страчваем тыя набыткі, разбураем тую будову.

Якога ж мы складу, якое будовы? Няўжо маем канстытуцыю разбуральнікаў?

Як добра ўгледзецца, дык якраз тое і відно. Складна, ладна, пэўне, жылося ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Дбайны Леў Сапега склаў Статут і быццам умацаваў гэтай Канстытуцыяй наш нацыянальтны пазваночнік. Падаецца, нават, што ён здолеў перамяніць векавечную нашую збудову, наш склад.

Вядома, там рай – дзе нас няма. І Канстытуцыя самая мудрая, пакуль ня стане тваёй канстытуцыяй і тваім устанаўленьнем, нічагуткі ня будзе адбывацца акром трывушчага чаканьня.

Адно беларускае дзіцятка акрэсьліла дакладней нашае канстытуцыйнае бытаваньне і пачуваньне, спытаўшыся:

– Мама, а кастытуцыя, гэта калі шмат касьцей?

Антаніна Хатэнка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG