Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камуніст


Ня ведаю, як разьмяркоўваліся 40 мільёнаў камуністаў па ўсім савецкім абшары, але на нашае заходнебеларускае мястэчка іх перапала амаль тры дзясяткі.

Камуністамі альбо “парцейнымі” былі кіраўнікі ўсіх рангаў, пачынаючы ад школы і канчаючы калгаснай фэрмай. Нягледзячы на гэткую немалаважную акалічнасьць, бацькі почасту асьцерагалі сваіх самастойных ужо дзяцей ад уступленьня ў партыю. Адна цётка замест матчынага блаславеньня параіла сыну апамятацца і ня лезьці ў сабачую скуру.

Калгасная сыстэма трымалася на прыгоне і крадзяжы, прычым апошні не лічыўся злачынам. Сымбалічна, што сынонімам да слова “красьці” стаўся нэалягізм “скамунізьдзіць”.

Надзвычайнай папулярнасьцю ў народзе ад часоў грамадзянскае вайны карысталася пагардлівае камуняка”. Ды й песьні не заўсёды сьпяваліся не адно “пакастныя”, а наступная прыпеўка, зважаючы на цалкавітае лексычнае супадзеньне тэксту ў беларускай і расейска мовах, прэтэндавала і на мейсца ў багатым беларускім фальклёр:

Параход плыве міма прыстані –
Будзем рыбу карміць камуністамі.

Слова камуніст, ужытае ў назве мастацкага твора, як бы сыгналіла наверх, што мастак – свой, служыць верай і праўдай і заслугоўвае афіцыйнага прызнаньня. І прызнавалі, як мастака Савіцкага, чыя карціна “Пяюць камуністы” мусіла сьцьвердзіць у вачох грамадзкасьці нязломнасьць і стойкасьць членаў КПСС.

Перад словам камуніст бездапаможна ніякавелі нават Народныя паэты. Яно нівэлявала паэзію, ператварала твор у рыфмаваны лёзунг. Талент здаваўся ў палон ідэалёгіі. Школьнікі завучвалі напамяць верш Куляшова, раз-пораз спатыкаючыся на розных хібах: русізмах, няправільных канчатках альбо не ўласьцівых для беларускай мовы націсках:

Камуністы. Гэта слова як са сталі.
Маркс і Энгельс нам імя такое дАлі…

Камуністы зьбілі з тропу ня толькі паэтаў, і хібы, што засталіся пасьля іх, выпраўляць давядзецца і ў трэцім тысячагодзьдзі.

Міхась Скобла

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG