Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джаз


Нельга даслухаць да канца, нельга выключыць, бо гэта заўсёды толькі пачатак, працяг гучыць у табе. Ня можа надакучыць, бо не прэтэндуе на ўвагу. Як бы нехта сказаў: ня хочаш, ня слухай. Выкананьне джазу – нібы птушыны сьпеў – яго дастаткова самому сабе, галоўнае гучаць, а ня тое, каб нехта слухаў.

Джаз не патрабуе ад слухача акадэмічнай наструненасьці, як клясыка, або рок-н-рольнай разьвязанасьці. Пад яго добра весьці машыну ў далёкі горад або весьці нясьпешную гутарку зь сябрам.

Ніводная ідэалёгія ня можа паставіць яго сабе на службу, бо ён са сваімі сынкопамі-збоямі ўжо паводле вызначэньня “няправільны” і абвяргае канон. Таму ідэалёгія заўсёды помсьціла джазу, называючы яго то “музыкай тоўстых”, то музыкай здраднікаў: “Сегодня он играет джаз, а завтра родину продаст”.

Джаз – музыка ХХ ст., што атрымала сваю назву ад імя канкрэтнага чарнаскурага музыкі Чарльза. З таго часу джаз стаў велізарным культурным мацерыком з сваімі клясычнымі мэлёдыямі і культавымі творцамі. У Беларусі джаз не разьвіўся, бо ня мог зрабіць гэта ў жорсткіх рамках таталітарнага быту. Але гэта ня значыць, што ў нас ня граюць і ня любяць джаз.

... Ён бярэ саксафон або сядае да фартэпіяна, наігрывае знаёмую мэлёдыю, і зараз жа адрываецца ад яе, выходзіць у космас імправізацыі. Толькі зрэдку, штрышком-паўнамёкам ён дае зразумець, што гэта ўсё яшчэ “Караван” Элінгтона, або, калі хочаце, беларуская “Купалінка”.

Джаз – музыка свабоды.

Сяргей Дубавец

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG