Дуст — ядавітае рэчыва для зьнішчэньня шкодных насякомых. І хоць
гэтая атрута ўжо даўно забароненая для ўжываньня, памяць пра яе моцна жыве
ў народзе.
Вось і я ўспамінаю сваё дзяцінства, калі мы, “пионэры советской страны”,
крочылі бясконцымі калгаснымі палеткамі, і хто клізмаю, а хто венічкам
пасыпалі капусту, бульбу, кукурузу шэрага колеру атрутаю. А часам, бавячыся,
і адзін другога.
А ўзімку елі тую ж капусту з дустам — атрутаю, якая дзесяцігодзьдзямі
не раскладаецца.
Пазьней мы ў разумным часапісе прачыталі, што нават у ільдах Антарктыды
знайшлі няведама адкуль туды патрапіўшы дуст, і ён захаваў свае
якасьці.
Дзякуючы дусту поўніліся засекі Радзімы вітаміннай прадукцыяй.
Зноў жа – дзякуючы яму, дусту, расла вытворчасьць клізмаў і венікаў.
Дуст паўплываў на тэхнічны прагрэс: зьявілася сельгасавіяцыя.
Выплылі з аблокаў «кукурузьнікі», і на вусеняў, і на людзей пасыпаўся зь
неба дуст.
Памяць фіксуе агітацыйны плякат: корчацца, дохнуць вусені, а над імі
тры злавесныя літары: ДДТ, што на мове людзей простых і азначае дуст.
Дохлі вусені, каларадзкія жукі й птушкі. Савецкі народ аказаўся больш
жывучым. Выжыў… І слова дуст ужывае цяпер ужо ў ядавітых жартах.
Дустам іх пасыпаць, дустам!..— крычала сталага веку кабета
на антыкамуністычнай акцыі ў Менску ў 90-м годзе. А зусім нядаўна ад сябра-ўкраінца
я пачуў: «А вас Лукашэнка дустам яшчэ не спрабаваў?». Падумалася:
паспрабуе. Ні голадам, ні холадам, ні турмамі зламаць людзей не ўдаецца.
Дустам трэба, дустам!
А ўвогуле, калі вяртаць камуну — дык з усімі яе атрыбутамі: і з дошкамі
гонару замест заробкаў, і з палітінфармацыямі замест інфармацыі… І, натуральна,
з дустам…
Працэс пайшоў. Вынік інтэграцыі з Усходам увасобіўся ў дусьце.
Нядаўна на Камароўцы я пабачыў новы прэпарат:
ДУСТ
кітайскі
супраць прусакоў Вячаслаў Ракіцкі
кітайскі
супраць прусакоў Вячаслаў Ракіцкі