У шэрагу страваў з бульбаю ёсьць у нас даступныя кожнаму дранікі. Ядуць
іх усюды ў Беларусі. Яны і драчы, і драчонікі, і дзербнікі, і дзяронікі,
і дранкі, і нават дзеруны. Называюцца так, бо маюць першааснову -- драную
бульбу. А далей ужо, хто як любіць, ці ў каго на што ёсьць.
Або да бульбы дададуць мукі й солі ды падсмажаць да скарыначкі на распаленай
і скырчлівай ад алею патэльні, або нафаршыруюць ці грыбамі, ці яйкамі,
ці рыбаю, ці мясам і возьмуцца смажыць -- таксама да абавязковае румянае
скарыначкі. І будуць тады дранікі хрумсьцець на зубох.
Дзівяцца нярэдка, едучы дранікі, прышлыя людзі -- так смачна й добра.
І нават ім ня верыцца, што гатуецца гэтая смаката так проста. Адзін мой
нядаўны румынскі госьць аж так упадабаў дранікі, што ўсё ўдакладняў рэцэпт
-- замерыўся гатаваць іх у сябе дома.
Бяз дранікаў не ўявіць беларускае кухні. Памятаецца, як некалькі гадоў
таму стваралі ў запале пошуку сваёй альтэрнатывы амэрыканскаму МакДональдзу
"Беларускае Бістро" сьледам за прыдуманым у Расеі "бістром" расейскім.
Дык вось за адну з асноўных страваў нашага "бістра" абралі дранікі.
Смажаныя на камбітлушчы, яны вельмі смакуюць наведнікам пад слабанацэненую
там беларускую гарэліцу.
На мяжы тысячагодзьдзяў дранікі застаюцца знакам беларускага. Нездарма
адзін зь беларускіх сайтаў у інтэрнэце яго стваральнікі назвалі максымальна
ясна -- "Дранікі". І страва ўнівэрсальная, і сайт -- на розныя густы.
Дранікі -- той наш атрыбут, якому беларусы пакуль нязьменна верныя.
Хто-ніхто на'т не супраць таго, каб проціпаставіць нашыя дранікі зьненавідным
іншаземным прысмакам. Так вось і было на сёлетнім "Славянскім базары",
на адным з канцэртаў якога давялося пачуць прыпевачку: "Як я дранікі ўсё
ела -- дык нідзе мне не сьвярбела. Як я сьнікерсаў паела -- дык усё мне
засьвярбела".
Юрась Бушлякоў
Самае папулярнае
1