Мне 14 год. Маці набыла мне тканіны, і я сшыла новую сукенку ў белыя гарохі.
Я ў той час займалася ў студыі выяўленчага мастацтва, і там было вельмі
шмат хлопцаў – 17 хлопцаў і я адна.
Але ішоў час, усе хлопцы некуды паступілі. Хто ў Мастацкую акадэмію
імя Рэпіна, хто ў тэатральна-мастацкі інстытут, хто ў мастацкую вучэльню,
каго ў войска забралі. І ўрэшце там засталіся толькі я і мой сябар Валодзя
Еўтухоў. Найлепшы мой сябар.
І вось канец лютага. Я прыходжу ўвечары, пасьля заняткаў у школе, мы
малюем і, раптам, я пачынаю плакаць. Падыходзіць да мяне мой сябар, каторы
быў для мяне і сяброўкай, і сябрам, і сястрой, і братам адначасна, і кажа:
“Што здарылася, чаму ты плачаш?”. Я сядаю да яго на калені, абдымаю ды
плачу яшчэ больш уголас, і кажу: “Ты ведаеш, я зараз такая прыгожая, такая
прыгожая, а мяне ніхто ня бачыў у гэты час…” Ён тады, раззлаваўшыся на
мяне, адштурхоўвае, сядае на падваконьне, глядзіць за вакно і ў нейкім
адчаі кажа: “Ну вось дабілася, дабілася, я кахаю цябе, чуеш ты, я кахаю
цябе!”
А трэба сказаць, што тварам ён быў падобны да такога актора – Крамарава.
Калі хто памятае…Вось такі выгляд быў у майго сябры Валодзі. Калі ў школе
нехта разьбіваў шыбіну, дык заўсёды казалі, што гэта Валодзька Еўтухоў
і цягнулі яго ў настаўніцкую, а ён быў ніпрычым. Валасы ў яго тырчэлі,
як салома са страхі старая.
І хоць мне было прыкладна 14 год, я верыла ў тое, што гэтага чалавека
я вельмі люблю, але што гэта – не каханьне. І калі ён сказаў аб сваім каханьні
да мяне, я расплакалася яшчэ больш.
Ён спытаў: “А чаго ты яшчэ плачаш?”
– Ды таму, што я цябе люблю, але я цябе не кахаю і ніколі не змагу пакахаць.
Быў капеж, таяў сьнег, я была такая няшчасная, шчырая і няшчасная ад
таго, што мне так хацелася ўжо нейкага каханьня, а на самой справе яго…
Ня ведаю. Гэта было абуджэньне. Зіма канчалася, пачыналася вясна, і вось
дзесьці ўжо ўва мне, у такой маленькай дзяўчынкі з касічкамі і банцікамі
абуджалася жанчына.
Валянціна Якімовіч
Самае папулярнае
1