Я ўспамінаю дзень 8 верасьня 1992 году. На плошчы Незалежнасьці сталіцы
Беларусі быў абвешчаны дзень прыняцьця прысягі на вернасьць Беларусі. Прымалі
прысягу афіцэры-беларусы беларускага войска, перш за ўсё са Згуртаваньня
Беларускіх Вайскоўцаў, а таксама ўсе былыя вайскоўцы, што служылі раней
і былі ў запасе ці ў адстаўцы.
Паколькі гэта быў дзень Аршанскай бітвы, то сярод выступоўцаў быў і
я. Я нагадаў гісторыю гэтай бітвы, пра якую тады яшчэ мала ведалі, расказаў
пра яе гістарычныя наступствы і пра значэньне для цяперашніх часоў.
Потым адбылася прысяга. Усе мы сталі на калена і ўрачыста прынялі тую
прысягу, якую праз некалькі месяцаў прынялі ўсе вайскоўцы Ўзброеных Сілаў
Беларусі – гэта была афіцыйная прысяга.
Я добра памятаю, як кожны з нас паўтараў словы прысягі, потым падыходзіў
да століку і падпісваўся пад лістамі-сьпісамі тых, хто прыняў прысягу.
Дзень быў урачысты. Побач са мной прымаў прысягу Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк,
Артур Вольскі і шмат іншых.
Для мяне гэта – адзін з самых урачыстых дзён і каштоўны ўспамін з таго
часу, калі нашае беларускае грамадзтва згуртавалася разам з вайскоўцамі.
Дарэчы, вайскоўцаў тады прыводзіў да прысягі падпалкоўнік Статкевіч, кіраўнік
БЗВ.
Гэта адзін са значных дзён нашай гісторыі, у якім я таксама браў удзел.
Анатоль Грыцкевіч
Самае папулярнае
1