Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Край мой – Заходняя Беларусь. Нарадзіўся я, і дзяцінства маё прайшло ў прыгожым кутку Беларусі, які, часам, называюць адным словам – Браслаўшычына. Нарадзіўся я ў вёсцы Гарбуны, магчыма таму я такі крышку сутулы, гарбаваты.

Жыла мая сям’я на хутары блізка ад вёскі, і, вядома, як у кожнай сям’і, на Новы год ставілі елку. Ну і, як вядома, цацкі былі самаробныя: выразаныя з паперы коні, зорачкі, лялькі, коцікі… Цукеркі, канешне, былі сапраўдныя, сьвечкі рабіліся з воску, ну і, канешне, яблычкі. Электрычнасьці не было, хаця ў гэтым, мабыць, была свая рамантыка, свая таямніца, калі прытушвалася лямпа і запальваліся сьвечкі.

І так здарылася, што ў канцы 1939 года мая сям’я пераехала ў мястэчка, у Шаркоўшчыну, і якраз надыйшоў Новы год. І вось суседзі запрасілі нашую сям’ю сьвяткаваць у іх дома, ну і, вядома, на елку.

Павінен вам сказаць, гэта была за елка! З электрычным сьвятлом цацкі розныя, гірлянды зьзялі неверагодна! Рознакаляровыя вялікія шарыкі – ружовыя, зялёныя, сінія… Ну такая прыгажосьць, што я ня мог адарваць вачэй.

І вось гэтае маё захапленьне бачылі гаспадаровы дзеці. І вось ня ведаю, каму першаму прыйшла думка – ім або мне – зьняць тайком некалькі шарыкаў і занесьці да маёй хаты, каб і ў мяне былі такія ж упрыгожаньні, як і ў іх.

Ну і вось, калі ўжо людзі падгулялі, падпілі, мы і ажыцьцявілі гэтую мару – зьнялі некалькі шарыкаў і яшчэ нейкія цацкі і па сьнезе прынесьлі да маёй хаты і пад кожным вакном выклалі то зорачку, то нейкую сьняжынку.

І трэба сказаць, што наш крадзёж быў заўважаны старэйшымі, і зранку па нашых сьлядах, па сьняжку прыйшлі і ўбачылі гэтыя ўпрыгожаньні каля маёй хаты. Нас моцна не пакаралі, але ж за тое, што без дазволу гаспадара мы самавольна зьнялі, аднесьлі, не схавалі, а ўпрыгожылі маю хату, нам крышку папала.

Калі я гэта ўспамінаю, дык неяк на душы і соладка і крышачку прыкра.

Павал Дубашынскі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG