Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцэйская «кухня». Закрыты суд у вайсковай частцы


Яўген Полудзень
Яўген Полудзень

У Менску паводле абвінавачаньня ў службовых злоўжываньнях пачалі судзіць былога намесьніка міністра ўнутраных спраў Яўгена Полудня, які за год да арышту вызначыўся актыўным удзелам у разгоне Плошчы.

14 студзеня вайсковая калегія Вярхоўнага суду пачала судзіць былога намесьніка міністра ўнутраных спраў Яўгена Полудня, арыштаванага ў сьнежні 2011 году. Працэс адбываецца ў вайсковым судзе на Рагачоўскай вуліцы на ўскраіне Менску, на тэрыторыі вайсковай часткі. Для журналістаў і публікі працэс зачынены. Гэтак пастанавіла вайсковая калегія Вярхоўнага суду яшчэ ў канцы мінулага году.

Як паведамлялі ў пракуратуры Беларусі, былога міліцыянта абвінавачваюць паводле двух артыкулаў: злоўжываньне ўладай і перавышэньне ўлады. Сьледзтва мяркуе, што Полудзень сыстэматычна і працяглы час атрымліваў ад службовых асобаў органаў унутраных спраў матэрыяльныя каштоўнасьці й грашовыя сродкі. Аднак памер гэтых «паднашэньняў» для публікі застаецца невядомым, як невядома і тое, ці прызнае Яўген Полудзень сваю віну.

Былы міліцыянт Мікалай Казлоў мяркуе, што хаця б часткова абвінавачаны сваю віну прызнае. «Ня той гэта чалавек, каб да канца адстойваць свае пазыцыі», — кажа падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў, які на пачатку 2000-х гадоў служыў разам зь Яўгенам Полуднем у Цэнтральным РАУС. Вынік справы Полудня, паводле спадара Казлова, вызначыць зусім ня тое, што той учыніў:

«Сваё ён атрымае. Ня думаю, што шмат. Хаця, у нас жа тэрміны вызначае ня суд. На мой погляд, усё будзе залежаць ад таго, наколькі добра ён ведае пра дзяржаўныя сакрэты. Ці гэтак скажу: якім багажом кампрамату ён валодае. Калі валодае малым багажом, атрымае шмат. Калі вялікім — атрымае меней. Мы ж памятаем, як было з Бароўскім, нядаўнім дырэктарам МАЗа, ці з Жураўковай, былой кіраўніцай спраў Лукашэнкі. Таму ўсё будзе залежаць ад розных фактараў, а ўжо потым — ад таго, што ён там нарабіў».
Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў мяркуе, што закрылі працэс над Яўгенам Полуднем дзеля таго, каб грамадзкасьці ня стала вядома «кухня» ў вышэйшым міліцэйскім кіраўніцтве. У прыватнасьці — парадкі, пры якіх вышэйшыя кіраўнікі могуць атрымліваць грошы ад падначаленых.

Былы палкоўнік Яўген Полудзень займаў пасаду намесьніка міністра ўнутраных спраў са жніўня 2009 году. На гэтай пасадзе кіраваў міліцыяй грамадзкай бясьпекі, якая павінна сачыць за парадкам падчас вулічных акцыяў.

Былы палітвязень, палітычны ўцякач Вячаслаў Сіўчык мяркуе, што міліцыя грамадзкай бясьпекі ператварылася ў Беларусі ў «атрады, якія ствараюць беспарадкі». Паводле Сіўчыка, на разгонах вулічных акцыяў апазыцыі Полудзень зрабіў кар’еру, і яго цалкам заслужана ўключылі ў сьпіс асобаў, якім краіны Эўразьвязу і ЗША забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю.

Вячаслаў Сіўчык
Вячаслаў Сіўчык
«Гэта той з ахоўнікаў рэжыму, які неаднойчы кіраваў міліцыяй пры разгоне вулічных акцыяў, прычым не адзін год. На вуліцы ён паводзіў сябе заўсёды аднолькава. Хацеў бы нагадаць, што яшчэ ў сьнежні 2011 году, незадоўга да свайго арышту, Яўген Полудзень адрапартаваў рэжыму, што міліцыя гатовая да разгону беларусаў, бо наперадзе была гадавіна Плошчы».

Адносна закрытасьці працэсу над Полуднем спадар Сіўчык згадаў, што падчас сталінскіх рэпрэсіяў працэсы над высокапастаўленымі міліцыянтамі таксама былі закрытымі. «Таталітарнаму рэжыму заўсёды ёсьць што хаваць пра сваіх падручных», — мяркуе апазыцыянэр.

Паводле вайсковай калегіі Вярхоўнага суду, закрытасьць працэсу над Яўгенам Полуднем тлумачыцца наяўнасьцю ў справе матэрыялаў, якія ўяўляюць службовую таямніцу.

Максымальнае пакараньне паводле артыкулаў, якія выстаўленыя Яўгену Полудню, — да 8 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.
Будынак на Рагачоўскай вуліцы, у якім судзяць Яўгена Полудня
Будынак на Рагачоўскай вуліцы, у якім судзяць Яўгена Полудня
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG