Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэхія выбірае прэзыдэнта. Беларусы назіраюць


Кандыдат на прэзыдэнта прафэсар Уладзімір Франц паміж двума іншымі кандыдатамі Мілашам Зэманам і Іржы Дынстбірам
Кандыдат на прэзыдэнта прафэсар Уладзімір Франц паміж двума іншымі кандыдатамі Мілашам Зэманам і Іржы Дынстбірам

Сёньня пачынаецца галасаваньне на прэзыдэнта Чэхіі. На пасаду прэтэндуюць дзевяць кандыдатаў. Міжнароднымі назіральнікамі зарэгістраваныя сорак беларусаў

У сьпісе тры жанчыны — дзьве зь іх прадстаўлялі Чэхію ў Эўрапарляменце — гэта журналістка Яна Бабошыкава і доктарка Зузана Ройтава. Трэцяя — акторка Таня Фішэрава. З асобаў, вядомых і ў Беларусі, вызначаецца міністар замежных спраў Карэл Шварцэнберг. Паводле апошніх апытаньняў грамадзкай думкі, лідэрамі ў лесьвіцы папулярнасьці сярод зарэгістраваных кандыдатаў застаюцца два былыя прэм’еры — Ян Фішэр і Мілаш Зэман.

Самы дзіўны і знакаміты за межамі Чэхіі кандыдат на выбарах — татуяваны на 90% цела Уладзімір Франц. Франц зьяўляецца прафэсарам катэдры сцэнічнай музыкі пражскай тэатральнай акадэміі. Ён кампазытар і мастак.

Дагэтуль чэскі прэзыдэнт абіраўся парлямэнтам на сумесным пасяджэньні яго абедзьвюх палат. Магчымае ўвядзеньне выбараў прэзыдэнта народам доўга абмяркоўвалася і ўрэшце было ухвалена сёлета. Выбары прэзыдэнта паводле новага заканадаўства Чэхіі будуць праходзіць у двух колах. Пераможцам стане кандыдат, які ў першым коле атрымае больш як палавіну галасоў. Калі такога ня будзе, два найбольш пасьпяховыя кандыдаты працягнуць змаганьне ў другім коле.

За чэскімі прэзыдэнцкімі выбарамі акрамя БДІПЧ АБСЭ назірае група з сарака беларускіх назіральнікаў. Місія праходзіць у межах праекту «Назіраньне за выбарамі: тэорыя і практыка» пры падтрымцы недзяржаўнай арганізацыяй Belarus Watch. У склад назіральнай групы ўвайшлі прадстаўнікі беларускіх недзяржаўных арганізацыяў, партыяў, студэнты і выкладнікі ЭГУ.

Кандыдаты на прэзыдэнта Чэхіі
Кандыдаты на прэзыдэнта Чэхіі




Назіральнікі зь Беларусі будуць сачыць за хадой галасаваньня і падлікам галасоў, наколькі адпавядаюць яны чэскім і міжнародным стандартам. Як паведаміла кіраўніца місіі Анастасія Матчанка, назіральнікі наведаюць каля 100 выбарчых участкаў у розных рэгіёнах краіны. Па выніках назіраньня будзе падрыхтаваная папярэдняя і выніковая справаздача.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG