Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін ня згодны з тым, што ён стварыў у Расеі аўтарытарны рэжым

абноўлена

Прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Пуцін 20 сьнежня праводзіць восьмую вялікую прэсавую канфэрэнцыю на пасадзе прэзыдэнта Расеі.

На штогадовай прэсавай канфэрэнцыі акрэдытаваныя каля 1000 расейскіх і 200 замежных журналістаў. Традыцыйных уключэньняў зь месцаў ня будзе.

У часе мінулай такой прэсавай канфэрэнцыі ў 2008 годзе журналісты пасьпелі задаць 106 пытаньняў.

Пуцін на пачатку прэсавай канфэрэнцыі пахваліўся ростам макраэканамічных паказчыкаў у 2012 годзе. У прыватнасьці, рост ВУП за 11 месяцаў склаў 3,7 працэнта, сярэдні заробак вырас да 27 тысяч расейскіх рублёў — гэта каля 900 даляраў, сярэдняя пэнсія вырасла да 9800 рублёў, сацыяльная пэнсія — да 5900. Міжнародныя рэзэрвы Цэнтрабанку РФ склалі 527 млрд. даляраў, станоўчае сальда ў замежным гандлі — 164 мільярда.

Паводле Пуціна, рост таваразвароту з краінамі Мытнага саюзу склаў 10 працэнтаў, і тут добрая структура ў гандлі — 20 працэнтаў складаюць машыны і абсталяваньне, зь іншымі краінамі — толькі каля 2 працэнты. «Мы вельмі зручныя і правільныя партнэры адзін для аднаго», — зрабіў выснову Пуцін.

Асабліва пахваліўся Пуцін найвялікшым за апошнія 20 гадоў паказчыкам нараджальнасьці:

«Пры ўсіх праблемах узьнікае пачуцьце надзейнасьці таго, што адбываецца ў краіне, плюс адмысловыя захады падтрымкі нараджальнасьці».

Гаворачы пра амэрыканскі «акт Магніцкага», Пуцін заявіў, што, адабрэньне гэтага закону, па сутнасьці, зьяўляецца заменай аднаго антысавецкага і антырасейскага закону іншым, і гэта атручвае адносіны Расеі і ЗША.

Пуцін падтрымаў ухвалены ўчора Дзярждумай закон, які забараняе амэрыканцам усынаўляць расейскіх сірот, і заявіў, што «нам трэба самім займацца ўсынаўленьнем сірот».

Пуцін пры гэтым сказаў, што ў амэрыканцаў саміх шмат праблем у турмах, у прыватнасьці, ён нагадаў Абу-Грэйб, Гуантанама, дзе «людзі гадамі сядзяць без суду, у кандалах ходзяць, як у Сярэднявеччы».

На пытаньне пра тое, ці не перашкаджае Расеі ў новым стагодзьдзі тое, што за 12 гадоў ён пабудаваў у Расеі жорсткі аўтарытарны рэжым асабістай улады, Пуцін адказаў:

«Я не магу пагадзіцца з гэтым тэзісам. І доказам гэтаму тое, што я пайшоў на другія пазыцыі пасьля двух тэрмінаў прэзыдэнцтва, хоць можна было правесьці зьмены ў Канстытуцыі праз Думу. Я сьвядома перайшоў на другія пазыцыі, выказаўшы павагу да Канстытуцыі».

Пра стан свайго здароўя Пуцін сказаў: «Не дачакаецеся», і зазначыў, што гэтую тэму выгадна ўздымаць апанэнтам улады, якім хочуць паставіць пад сумнеў ягоную легітымнасьць і дзеяздольнасьць.

Пуцін закрануў і тэму канца сьвету. Ён сказаў, што «канец сьвету» наступіць праз 4,5 мільярда гадоў, калі сонца пагасьне: «Чаго баяцца, калі гэта непазьбежна».

Пуцін пазытыўна ацаніў тэрытарыяльнае афармленьне Расейскай імпэрыі, дзе не было нацыянальных утварэньняў, а былі губэрні, «і ўсё функцыянавала, і някепска», хаця не падтрымаў вяртаньне да такой схемы без рашэньняў саміх нацыянальных рэспублік.

На пытаньне аб тым, што стабільнасьць у Расеі перарастае ў застой, Пуцін адказаў, што абавязковай умовай разьвіцьця зьяўляецца стабільнасьць: «Як бы не лаялі КНР, але туды укладваюць грошы. Гэта ня значыць, што мы павінны стварыць такую сыстэму, як у Кітаі, але стабільнасьць мы павінны забясьпечыць».

Адказваючы на пытаньне аб непераводзе часу зь летняга на зімовы, Пуцін прызнаў, што гэтым рашэньнем Мядзьведзева незадаволеныя многія:

«Урад павінен вызначыцца ў ходзе маніторынгу, і па выніках гэтага маніторынгу павінна быць прынятае рашэньне».

Пуцін прызнаў, што вялікая розьніца ў часе з Эўропай адбіваецца і на ім самім — устаеш цёмна, і вяртаесься з працы цёмна, — і на трансьляцыях буйных спартовых чэмпіянатаў.

Пад уплывам Расеі Беларусь таксама адмовілася ад пераходу на зімовы час.

Адказваючы на пытаньне, ці абумоўлена нязгода Расеі з адстаўкай прэзыдэнта Сырыі Башара Асада (чаго дамагаюцца на Захадзе) страхамі Расіі страціць свае пазыцыі ў Сырыі, Пуцін заявіў:

«А Расея ня страціла свае пазыцыі ў Лібіі? Дзяржава развальваецца, адбылося нават забойства пасла ЗША. Мы не занепаеконыя ўтрыманьнем Асада ва ўладзе, ведаем, што там яго сям’я ўжо 40 гадоў кіруе. Нас цікавіць, што далей будзе? Мы выступаем за тое, каб быў знойдзены такі варыянт рашэньня, які б пазбавіў краіну ад распаду і нестабільнасьці. Дамоўленасьці на аснове вайсковай перамогі ня могуць быць эфэктыўнымі».

Пуцін прызнаў, што гаворкі пра далучэньне Ўкраіны да Мытнага саюзу няма, паколькі няма такой заяўкі з украінскага боку:

«Мы разумеем занепакоенасьць Украіны тым, што частка функцый у рамках Мытнага саюзу перадаецца наддзяржаўным органам, і цяпер трэцім краінам на нашым рынку складаней працаваць. Напрыклад, мы не даем патрэбных Украіне квотаў, бо гэта адносіцца да кампэтэнцыі наднацыянальных органаў. Цяпер украінскія партнэры шукаюць выйсьця з сытуацыі».

Пуцін прызнаў, што рабіў памылкі на пасадзе прэзыдэнта:

«А хто без граху? Але буйных сыстэмных памылак у мяне не было».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG