Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плошча зрабіла нас іншымі…»


19 сьнежня 2010 года спэцназ брутальна разагнаў акцыю пратэсту ў Менску супраць несумленных выбараў прэзыдэнта. Тады было арыштавана каля 700 чалавек. У тым ліку большасьць апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Пазьней у крымінальных працэсах засудзілі 44 чалавекі, зь іх 30 атрымалі розныя тэрміны турэмнага зьняволеньня, ад 2 да 6 гадоў, у тым ліку — тры экс-кандыдаты на пасаду прэзыдэнта. Дагэтуль у зьняволеньні застаюцца вязьні Плошчы — Мікалай Статкевіч і Павал Севярынец, а таксама маладафронтаўцы Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, якіх арыштавалі прэвэнтыўна.

Як тыя падзеі зьмянілі лёсы ўдзельнікаў Плошчы і лёс Беларусі. Пра гэта наш карэспандэнт Валер Каліноўскі папрасіў выказацца некаторых з тых, хто выйшаў на Плошчу 19 сьнежня 2010 года.

Павал Севярынец
Павал Севярынец
Павал Севярынец у 2010 годзе кіраваў перадвыбарчым штабам кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага, пасьля акцыі пратэсту быў арыштаваны і засуджаны да абмежаваньня волі. Зараз ён адбывае пакараньне на так званай хіміі. Павал успрымае ўсё, што здарылася зь ім пасьля Плошчы, як нагоду для духовага сталеньня:

«Гэтая падзея спрычынілася да таго, што гэтыя два гады я быў бліжэй да Бога, меў час на духоўны роздум, і Бог працаваў над маім сэрцам гэтыя два гады. Вельмі шмат розных адкрыцьцяў і навучаньняў, так што за гэта дзякуй Богу».

Павал Севярынец мяркуе, што ёсьць урокі і наступствы падзеяў 19 сьнежня 2010 года і для беларускага грамадзтва ў цэлым: гэта і судовы канвэер 2011 года, хваля беларускай і міжнароднай салідарнасьці, ахвярнасьць палітвязьняў, маўклівыя акцыі пратэсту:

«Калі ідзе гаворка пра жыцьцё і сьмерць, пра народ як супольнасьць, а такія пытаньні Плошча ставіла, і яе вынікі ставяць перад намі, — нацыя сталее. Таму я думаю, што гэта быў паскораны курс сталеньня беларусаў і Беларусі».

Аляксандар Атрошчанкаў
Аляксандар Атрошчанкаў
Былы прэсавы сакратар кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Аляксандар Атрошчанкаў лічыць 19 сьнежня 2010 года адным з самых драматычных момантаў у найноўшай гісторыі Беларусі, які падзяліў час на пэрыяды «да» і «пасьля»:

«Канечне, гэтая гісторыя з аднаго боку вельмі сумная. Зь іншага боку — гэтая гісторыя гераічная, якая дазволіла шмат якім людзям паказаць самыя моцныя свае бакі, вернасьць у адносінах да сваіх сяброў і краіны».

Пасьля 19 сьнежня Аляксандар Атрошчанкаў адбыў 9 месяцаў у ізалятары КДБ і калёніі, сёлета ў верасьні ён быў вымушаны зьехаць з краіны, і зараз займаецца працай на карысьць Беларусі з-за мяжы:

«Я б не сказаў, што я ўнутрана надта зьмяніўся. Можа, стаў крыху больш жорсткім, можа, нейкія практычныя падыходы перагледзеў. Але ніякіх глябальных зьменаў ува мне не адбылося. Я застаюся патрыётам сваёй краіны, кожны дзень думаю, што я магу для яе зрабіць».

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька пасьля Плошчы адбыў 3,5 месяца ў ізалятары КДБ. Ён кажа, што пэўныя зьмены ў сабе, у сваіх паводзінах зрабіў:

«Я пакрыху адпрацоўваю запазычанасьць перад бацькамі, цяпер ужо толькі перад маці, перад сваімі роднымі і блізкімі. Там я зразумеў, што акрамя палітыкі ёсьць яшчэ нешта… Гэта быў яшчэ адзін кляс маёй палітычнай школы. Скажу так: калі б прыйшлося паўтарыць гэта ўсё, я б зрабіў бы яшчэ раз. І гэта ня поза, а мая пазыцыя».

Краіна пасьля Плошчы стала іншай — перакананы Анатоль Лябедзька, найперш таму, што ўлада разбурыла сацыяльны кантракт з грамадзтвам:

«А па-другое, зьнікла магчымасьць двайнога шантажу, які праводзіў Лукашэнка. А па-трэцяе, у краіне стала значна больш нянавісьці, а гэта значыць, што ўзьнікла большая спакуса для помсты. Краіна моцна расколатая».

Анатоль Лябедзька мяркуе, што ўлада імкнецца да татальнага кантролю, а людзі ўсё больш хочуць пераменаў, і ў гэтым галоўная беларуская супярэчнасьць.

Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч
Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч перакананы, што падзеі, выкліканыя 19 сьнежня 2010 года, яшчэ ня скончыліся, гэтая старонка не перагорнутая. Прынамсі, пакуль ня вызваленыя ўсе палітвязьні:

«І Алесь Бяляцкі, і іншыя палітычныя вязьні, якія зараз знаходзяцца за кратамі,— гэта ўсё рэха той ночы 19 сьнежня… Гэта, безумоўна, зьмяніла і краіну, таму што такі татальны страх, які пануе ў грамадзтве, — яго раней не было. Але той пазытыўны момант, які я бачу ў падзеях 19-га, гэта тое, што зьніклі ілюзіі адносна беларускага рэжыму».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG