Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раман Караткевіча ў музыцы і вершах гурту «Нельга забыць»


Уладзімер Караткевіч
Уладзімер Караткевіч

18 сьнежня ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча адбудзецца выступ гурту «Нельга забыць». Ён прадставіць публіцы музычна-паэтычную драму «Леаніды ня вернуцца да зямлі...».

Праграма ўяўляе сабой адлюстраваньне паэтычных вобразаў, якімі прасякнуты раман. Вершы — гэта творы галоўнага героя, 30-гадовага пісьменьніка, які, дзякуючы сапраўднаму каханьню, адчуў, што жывы, але прадчуваньне, што ён ніколі ня будзе разам з каханай, забівае яго, таму ўсё напісана на нэрве, трагічна і ўзьнёсла.

Гурт «Нельга забыць» быў створаны напрыканцы 2009-га, адмыслова пад праграму «Леаніды ня вернуцца да зямлі», паводле аднайменнага твора Ўладзімера Караткевіча. Назва ў свой час (80-я) не прайшла цэнзуру, таму твор выйшаў зь іншым найменьнем — «Нельга забыць», гэткая ж назва замацавалася і за гуртом. Скарочана «НЗ», «NZ».

Паэт і саліст гурту Міхал Бараноўскі так апавёў пра праграму выступу:

«Гэта і не канцэрт, і ня мюзыкал, не тэатральная пастаноўка. Гэта гісторыя каханьня, якое здараецца так рэдка ў гэтым сьвеце. Якое ёсьць боль, трагедыя і шчасьце, надзея, што ёсьць яшчэ на гэтай зямлі нешта сапраўднае і вартае слова паэта. Гісторыя гэтая апісана ў рамане Караткевіча „Нельга забыць“... Менавіта такую назву мы выбралі і для свайго гурту. Мы працавалі над праграмай з восені 2009 году. І спадзяёмся, што „наш“ Караткевіч, нашая гісторыя прыйдзецца вам даспадобы».

Пачатак выступу гурту «Нельга забыць» у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча а 20-й гадзіне. Адрас — вуліца Максіма Багдановіча, 7а.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG