Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нявыкарыстаны гістарычны шанец


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Дэкрэт № 9 «Аб дадатковых мерах на разьвіцьцё дрэваапрацоўчай прамысловасьці», які ўжо пасьпелі закляйміць як пачатак усталяваньня прыгоннага права ў Беларусі, магчыма, сапраўды будзе мець часовы характар і тычыцца толькі адной галіны. Алі ён цікавы сваёй палітычнай лёгікай.

Вось цяпер мы адзначаем другую гадавіну культавай для найноўшай беларускай гісторыі даты 19 сьнежня. За ліхаманкай тагачасных драматычных дзеяў і працэсаў, напоўненых шквалам эмоцыяў, асабістых і грамадзкіх трагедыяў, сёньня, мусіць, мала хто памятае адну падзею, якая, калі б яна здарылася іншым часам, магла б выклікаць гучны рэзананс. Яна адбылася 31 сьнежня 2010 году, калі па ўсёй краіне ішлі масавыя арышты і ператрусы, а сотні людзей, затрыманых на Плошчы і вакол яе, яшчэ адбывалі свае 15 сутак. Маю на ўвазе падпісаную апошнім днём таго драматычнага году прэзыдэнцкую дырэктыву № 4 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляваньні дзелавой актыўнасьці ў Рэспубліцы Беларусь». Той дакумэнт абвяшчаў эканамічную лібэралізацыю ў краіне.

Тады ў мяне зьявілася думка, што, магчыма, мы назіраем пачатак цікавага гістарычнага працэсу, калі адначасова будуць адбывацца палітычныя замаразкі і эканамічная адліга. Варыянт ня новы, не эксклюзіўны, усясьветная гісторыя ў гэтым сэнсе мае вялікі досьвед.

Толькі два прыклады. Пасьля першай расейскай рэвалюцыі 1905–1907 гадоў тагачасны прэм’ер Пётар Сталыпін, які расстрэламі і іншымі захадамі жорстка здушыў паўстаньне супраць царскага самаўладзьдзя, прыйшоў да высновы, што адной грубай сілы недастаткова, каб разьвязаць вострыя супярэчнасьці, якія насьпелі ў грамадзтве. Што адначасова трэба праводзіць рэформы. Адной з найважнейшых была славутая аграрная рэформа, якая засталася ў гісторыі пад назвай «сталыпінская». Яна павінна была адкрыць дарогу капіталізму ў сельскай гаспадарцы. І калі б ня Першая ўсясьветная вайна, хто ведае, магчыма, з дапамогай рэформаў удалося б прадухіліць новую расейскую рэвалюцыю.

Другі прыклад. Антыкамуністычнае паўстаньне ў Вугоршчыне 1956 году было жорстка здушана савецкімі танкамі. Яны прывезьлі і пасадзілі новае камуністычнае кіраўніцтва на чале зь Янашам Кадарам. Пачаліся жорсткія чысткі і рэпрэсіі. Але новы кіраўнік Вугоршчыны разумеў, што дзеля захаваньня грамадзка-палітычнай стабільнасьці адных танкаў і штыкоў недастаткова, нельга працягваць палітыку, якая прывяла да паўстаньня. І ён пачаў лібэральныя рэформы ў межах камуністычнай сыстэмы. У 1950–1980-х гадах у Вугоршчыне дзейнічалі такія рынкавыя мэханізмы, якіх не было ў ніводнай іншай краіне савецкага блёку. Там быў вялізны прыватны сэктар, у адносінах паміж дзяржпрадпрыемствамі і каапэратывамі дзейнічаў гаспадарчы разьлік. Там, у адрозьненьне ад іншых сацыялістычных краін, не было дэфіцыту прадуктаў харчаваньня. Існаваў досыць лібэральны рэжым выезду грамадзян за мяжу, у тым ліку ў капіталістычныя краіны. То бок ствараліся кляпаны, каб выпускаць пару. Вугоршчыну тады называлі «самым вясёлым баракам у лягеры».

І калі на тле рэпрэсіяў пасьля 19 сьнежня зьявілася дырэктыва № 4 аб эканамічнай лібэралізацыі, падумалася: ну вось і Лукашэнка ідзе па шляху Сталыпіна і Кадара.

Прайшло два гады. Пэўныя крокі ў кірунку эканамічнай лібэралізацыі былі зробленыя. Але напоўніцу гэтая дырэктыва так і не была рэалізаваная. Больш за тое, у 2012 годзе адбыўся выразны адкат. У сакавіку была прыпынена прыватызацыя дзяржпрадпрыемстваў. Пачалося вяртаньне ў дзяржаўную ўласнасьць тых прадпрыемстваў, якія былі акцыянаваныя ў 1990-я гады і сталі акцыянэрнымі таварыствамі. У адносінах да дзьвюх кандытарскіх фабрык («Камунарка» і «Спартак») гэта было зроблена груба і публічна. Тады Лукашэнка заявіў: «Цягам кастрычніка закрыць праблему па ўсіх прадпрыемствах, якія калісьці былі прыватызаваныя, раздадзеныя і іншае. Усе яны павінны быць дзяржаўнымі прадпрыемствамі!»

Зараз урад зьбіраецца разглядаць праект прэзыдэнцкага ўказу, які прадугледжвае прызначэньне органамі ўлады ўпаўнаважаных прадстаўнікоў у акцыянэрныя таварыствы, у якіх долі дзяржавы няма. Экспэрты ўжо назвалі гэтую прапанову вяртаньнем інстытуту «залатой акцыі» — асаблівага права дзяржавы на кіраваньне гаспадарчымі таварыствамі, у тым ліку тымі, у якіх няма акцыяў, якія належаць дзяржаве. Такое правіла існавала ў Беларусі да 2008 году і было пудзілам для замежных інвэстараў. Здаецца, усё вяртаецца.

І вось прыгоннае права ў дрэваапрацоўчай галіне. Апынуўшыся ў цісках непрыемных сацыяльна-эканамічных праблем (у прыватнасьці — людзі ня хочуць працаваць на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах), палітычнае кіраўніцтва не ўтрымалася і збочыла на шлях закручваньня гаек, узмацненьня адміністрацыйных рычагоў кіраваньня.

Такім чынам, гістарычны шанец ня быў выкарыстаны. З Аляксандра Лукашэнкі ня выйшла рэфарматара. Яму ня стала палітычнай мудрасьці Пятра Сталыпіна і Янаша Кадара. Застаецца ганарыцца статусам апошняга дыктатара Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG