Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыгон церпяць толькі халопы!»


Наведваючы прадпрыемства «Магілёўдрэў», кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў безумоўнага выкананьня свайго дэкрэту № 9, якім забараняецца звальняцца з працы. Ён загадаў дырэктару браць усё ў «жалезныя рукавіцы».

Чарговым прадпрыемствам дрэваапрацоўчай галіны, якое наведаў Аляксандар Лукашэнка, стаў «Магілёўдрэў». Лукашэнка запытаў гендырэктара, ці дастаткова яму дэкрэту, каб «усе рабочыя і спэцыялісты працавалі навыцяжку». Гендырэктар сказаў, што дастаткова і што дэкрэт яго задавальняе. Лукашэнка сказаў, што работнікі ня маюць права звальняцца бяз згоды наймальніка. «А хто сыдзе — сюды на прымусовыя працы», — заявіў Лукашэнка. Ён адзначыў, што «мы сілай утрымліваем людзей, бо яны правалілі заданьні, нанесьлі шкоду».

Чаму Лукашэнка аддае столькі ўвагі менавіта дрэваапрацоўчай галіне? Эканаміст Леў Марголін лічыць, што гэтыя прадпрыемствы наўрад ці могуць прынесьці вялікія прыбыткі для краіны:

«Але гэта такая сфэра, дзе ня трэба імпартаваць сыравіну. У нас жа большая частка прадпрыемстваў працуе на расейскай сыравіне. Раз-пораз выдаюцца ўказы па нарошчваньні прадукцыйнасьці ў гэтых галінах, але не выконваюцца. А карціна ўсюды аднолькавая: непрафэсійны падыход. Бо няма гаспадара, бо гэта робіцца на дзяржаўных прадпрыемствах, нават калі яны фармальна прыватызаваныя».

Паводле эканаміста Георгія Грыца, суседзі, тыя ж расейцы, маюць больш якасную і больш танную драўніну. З улікам таго, што зьмяншаюцца прыбыткі ад нафтахіміі, экспартная выручка ад дрэваапрацоўчай галіны таксама становіцца важнай для краіны. Ці можна з дапамогай дэкрэту № 9 істотна паправіць сытуацыю?
Такая сыстэма найманьня ёсьць, але ў сілавых ведамствах


«Ёсьць мэтад пугі і перніка. У гэтым выпадку гэта больш мэтад пугі. Нешта ж трэба рабіць кіраўніцтву краіны. Далей угаворваць бессэнсоўна. Таму на такія неардынарныя крокі вымушаны быў пайсьці кіраўнік краіны. Хоць гэтыя крокі не ўваходзяць у рэчышча агульнапрынятай сыстэмы найманьня. То бок такая сыстэма найманьня ёсьць, але ў сілавых ведамствах. Гэтая мера можа ўжывацца, да прыкладу да топ-мэнэджэраў ці іншых эксклюзіўных спэцыялістаў. Але каб так масава — пачынаючы ад прыбіральшчыцы да гендырэктара, — гэта такое беларускае ноў-хаў».

Палітык Віктар Івашкевіч адзначае, што прымусовае ўтрыманьне людзей на месцы працы — гэта прыгон. І гэты прыгон церпяць толькі халопы:

«Гэта выклікана тым, што людзі знаходзяць у Расеі ці ў іншых суседніх краінах пакупнікоў сваёй працы, якія плацяць больш, чым Лукашэнка. І каб людзей утрымаць, трэба падвышаць ім заробак. Але гэта паказчык таго, што ў Лукашэнкі няма такіх грошай. І каб утрымаць людзей, ён хоча іх ланцугамі прыкаваць да гэтых іхніх станкоў. Але з гэтага нічога ня выйдзе. Калі гэта стане рэальна і адносна масава, я думаю, рэакцыя тут будзе нашмат больш актыўная, чым рэакцыя на парушэньне выбарчага заканадаўства».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG