Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Скараціце чыноўнікаў і міліцыянтаў — тады і пазыкаў шукаць не давядзецца...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111». Эфір 12 сьнежня 2012 году

Сустракаюцца часам у пошце «Свабоды» допісы тых слухачоў, якія, жывучы за мяжой, захапляюцца цяперашнімі беларускімі рэаліямі і зь вялікім незадавальненьнем ставяцца да ўсіх, хто гэтыя рэаліі крытыкуе.

З аднаго такога ліста пачну сёньняшнюю размову. Павал Радзюкевіч жыве ў Літве, у Вільні. Ён на пэнсіі. Да цяперашняй палітыкі літоўскага кіраўніцтва ставіцца нэгатыўна, а вось вынікі эканамічнай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі падаюцца яму вельмі прывабнымі. У сваім лісьце на «Свабоду» спадар Павал піша:

«Часам слухаю ваша радыё і дзіўлюся: дзеля чаго вы так ахайваеце чужую краіну і чужы народ? Гэта іхная справа — беларускіх грамадзянаў — як ім жыць. Яны ж жывуць у сваёй краіне. У іх ёсьць праца, яны атрымліваюць зарплату, працуюць на сваіх беларускіх фабрыках і заводах. І гэта — вялікая перавага і дабро для народа.

Тыя слухачы, якія тэлефануюць вам, ахайваюць сваю краіну і свой народ — гэта проста здраднікі. Мне сорамна за гэтых людзей. Хацелася б паглядзець, як яны ў рэальнасьці жывуць, якая ў іх кватэра і што ў кватэры, якія пэнсіі і заробкі, колькі грошай застаецца пасьля аплаты камунальных паслугаў.

Вось я жыву ў так званай «свабоднай» Літве, і ў нас нічога гэтага няма. Кожны другі працаздольны сядзіць бяз працы. Мы займаем першыя месцы ў Эўропе па беспрацоўі, самагубствах, карупцыі і крадзяжах, затое апошнія — па памерах пэнсіяў і заробкаў. Цэны на лекі, праезд у грамадзкім транспарце зусім не сувымерныя з нашымі даходамі. А зайдзіце ў крамы, паглядзіце цэны на хлеб, на малочныя прадукты — вы за галаву возьмецеся. А аўтамабільнае паліва? Літар бэнзіну каштуе два даляры. А якія квартплаты? У мяне за 68 квадратных мэтраў за ацяпленьне бяруць 530 літаў (200 даляраў); а за ўсю кватэру — 850 літаў (315 даляраў). А пэнсія — 300 даляраў. Даводзіцца ўлетку эканоміць на ўсім, чым магчыма, каб толькі зімой плаціць за кватэру. А як купіць хлеб? А лекі, калі раптам захварэеш? Бяда! Некаторыя за кватэру плаціць ужо ня могуць. Ня ведаю, што іх чакае. Кажуць, за даўгі будуць высяляць...

У нас таксама ёсьць апазыцыя, але яна ня мае права і слова сказаць. А ваша апазыцыя езьдзіць па сьвеце (прычым за чужыя грошы) ды пры гэтым заклікае да санкцыяў супраць Беларусі. А гэта ж санкцыі ня супраць Лукашэнкі: ён будзе жыць добра, чорт яго ня возьме. Ад іх жа найперш беларусам будзе горш.

Я не апраўдваю Лукашэнку і ягоны ўрад у тым, што датычыць разгону дэманстрантаў. Але пратэсты і дэманстрацыі, не санкцыянаваныя ўладамі, разганяюцца ва ўсім сьвеце. А дэбашыры ды хуліганы павінны адказваць паводле закону. Так робяць ва ўсім сьвеце, і гэта — правільна«
.

Наконт дэбашыраў і хуліганаў — пагаджуся, спадар Павал. Але як быць, калі чалавека зьбіваюць і цягнуць у кутузку толькі за тое, што ён стаіць моўчкі на плошчы і пляскае ў далоні (заўважу, бязь лёзунгаў стаіць, безь сьцягоў, нікому не замінае)? Калі затрымліваюць, зьбіваюць, адбіраюць фотакамэру ў журналіста, які выконвае свае прафэсійныя абавязкі і нічым не парушае закон? Калі кідаюць у турму амаль усіх супернікаў Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах — законна зарэгістраваных кандыдатаў у прэзыдэнты, за плячыма якіх тысячы і тысячы людзей, якія іх падтрымалі? Дарэчы, што да вашага сьцьвярджэньня пра тое, што апазыцыя ў Літве нібыта ня можа і слова сказаць. Як вядома, на нядаўніх парлямэнцкіх выбарах апазыцыйныя левыя партыі атрымалі перамогу над уладай. У сёньняшняй Беларусі такое нават уявіць немагчыма.

Цяпер — адносна міту пра ўсеагульную працаўладкаванасьць беларусаў. Калі вы верыце афіцыйнай беларускай статыстыцы, якая сьцьвярджае, што беспрацоўя ў Беларусі фактычна няма (нешта каля аднаго працэнта) — то вы, спадар Павал, глыбока памыляецеся. Проста дапамога па беспрацоўі ў Беларусі настолькі мізэрная (прыблізна 10 даляраў на месяц), што рэгістравацца на біржы многія ня бачаць ніякага сэнсу. Да таго ж, каб атрымаць яе, беспрацоўны яшчэ павінен пахадзіць на так званыя грамадзкія працы — прыбіраць сьмецьце ці капаць бульбу ў калгасе.

Паводле дасьледаваньняў аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі Gallup, узровень рэальнага беспрацоўя ў Беларусі летась склаў 24% (гэта ў 40 разоў вышэй за афіцыйны паказьнік, і, дарэчы, значна больш, чым у Літве).

І, нарэшце, наконт коштаў. Цэны ў віленскіх крамах на прадукты харчаваньня ня маюць істотных адрозьненьняў ад крамаў менскіх. А вось адзеньне, абутак, бытавая тэхніка — усё гэта ў Літве і таньнейшае, і больш якаснае. Сотні і сотні беларусаў штодня едуць на закупы ў Літву. Актыўнага руху ў адваротным кірунку нешта не заўважна (адзінае выключэньне — паездкі па аўтамабільнае паліва, якое ў Беларусі пакуль што таньнейшае).

Наступны кароткі ліст даслаў наш сталы слухач Уладзімір Башкіраў з Магілёва. У яго ўласны рэцэпт для беларускага ўраду — як выйсьці зь фінансавага крызісу. Спадар Уладзімер піша:

«Дзе толькі не шукаюць грошы нашы міністры — і на Ўсходзе, і на Захадзе. А ў мяне ёсьць свая прапанова. Трэба проста скараціць усе сілавыя структуры і чынавенскі апарат — хаця б да ўзроўню 1994 году. І ўсё — грошай паболее настолькі, што, можа, і ніякіх пазыкаў шукаць не давядзецца...».

Мне ў сувязі з вашай, спадар Уладзімір, прапановай згадваецца, як у 1988 годзе да нас у Дом друку, у рэдакцыю «Звязды», дзе я тады працаваў, прыяжджаў тагачасны кіраўнік БССР Яфрэм Сакалоў. Чорную «Волгу», у якой ён прыехаў, суправаджала адна машына ДАІ. А ахоўвалі 1-га сакратара ЦК КПБ два чалавекі ў цывільным...

Тым, хто хоць аднойчы назіраў, якімі манэўрамі соцень міліцыянтаў і агентаў Службы бясьпекі прэзыдэнта суправаджаецца любая паездка цяперашняга кіраўніка Беларусі, сёньня ў гэта нават цяжка паверыць.

Яшчэ адзін кароткі ліст-прапанова — ад Сьвятланы Цімошкінай зь Менску. Слухачка піша:

«Многія пытаньні адпалі б, калі б па „Свабодзе“ часьцей выступалі міністры, кіраўнікі буйных прадпрыемстваў, мэры гарадоў. Мы ж іх нават ня ведаем. Дзяржаўнае тэлебачаньне іх амаль не паказвае. А было б вельмі цікава, што б яны сказалі ў дыскусійных праграмах на „Свабодзе“ з удзелам, напрыклад, Анатоля Лябедзькі ці Станіслава Шушкевіча».

Так, спадарыня Сьвятлана, гэта было б вельмі цікава. Праблема ў тым, што ніводзін высокапастаўлены чыноўнік на гэта не пагаджаецца: усе баяцца наступстваў. І баяцца, відавочна, не беспадстаўна. У сёньняшняй Беларусі сярод уладнай намэнклятуры ўвогуле не прынята дэманстраваць адкрытасьць, публічнасьць, схільнасьць да дыскусій. Чаму? А раптам на самым версе гэта палічаць праявай неляяльнасьці, спробай самапіяру, замахам на самае сьвятое і недатыкальнае? Дарэчы, міністры і мэры часта не пагаджаюцца на выступы нават на дзяржаўным тэлебачаньні — хутчэй за ўсё, менавіта з гэтай прычыны.

Пра моўныя адметнасьці некаторых раёнаў Берасьцейшчыны і ўвогуле пра сваё стаўленьне да моўнай праблемы ў Беларусі распавядае ў лісьце на «Свабоду» Васіль Тур зь Берасьця. Слухач піша:

«Нарадзіўся я ў Камянецкім раёне. У нас была свая мова — яе называлі „сельскай“. Гаворка адрозьнівалася нават у суседніх вёсках — што ўжо казаць пра літаратурную мову. У Берасьці мова была „гарадзкая“. Скончыўшы восем клясаў, пераехаў у Берасьце: бліжэй сярэдняй школы не было. Размаўляў я тады ў школе на сваёй мове. Дужа яе любіў. „ДАЖЫ НЕКОТОРЫ ДЫТЫ ПЫТАЛІСЯ ЗА МНОЮ ГОВОРЫТЫ НА МОІЕЙ МОВЫ, ДОБРА ПОМНЮ...“ На ўроках адказваў і па-беларуску, і па-расейску — залежна ад прадметаў. Тады, у 60-я гады, беларускай мове надавалі ўвагі значна больш, чым цяпер.

Берасьце размаўляла па-расейску, а вось навакольныя СЫЛА (вёскі) былі паляшуцкія. Такая мова, як у Камянецкім, была і ў Маларыцкім раёне. Па-беларуску пачыналі гаварыць недзе каля Баранавічаў. Таксама і ў Пінскім, і ў Драгічынскім раёнах многія размаўляюць на нашай паляшуцкай мове. Далей на ўсход — у Лунінецкім — ужо беларуская гаворка.

Мая былая жонка лічыла сябе расейкай, яе маці зь Петраграду, а бацька — былы вайсковец. Яна многіх маіх слоў зусім не разумела. Вось такую я выбраў. Думаў, перавыхаваю, навучу... Але не на тую нарваўся.

Мой старэйшы сын пры паступленьні на экзамэнах пісаў сачыненьне на беларускай мове. Але дома называў мяне „папой“, ня „татам“. Так яго выхавала мама. Мы з жонкай на той час ужо разьвяліся, але сын часта прыбягаў да мяне, многаму вучыўся. З малодшым сынам атрымалася па-іншаму: гэта ўжо быў цалкам жончын сын, такім і застаўся...

Але кропля камень точыць, а пад ляжачы камень вада не цячэ. Будзе сьвята і на нашай вуліцы (дарэчы, у нас кажуць „ГУЛІЦЫ“). Добрая справа набліжаецца, і вы на „Свабодзе“ ёй спрыяеце. Посьпехаў вам. Хацелася б ведаць, якую адзнаку паставіце за мову мне, як „западніку“ (так называла мяне цешча)»
.

Адзнака — выдатная, спадар Васіль. Вельмі цікавыя назіраньні — дзякуй вам за іх. На поўдні Берасьцейшчыны, сапраўды, адметныя гаворкі, якія значна адрозьніваюцца ад беларускай літаратурнай мовы. Гэта ў розныя гістарычныя пэрыяды спрыяла ўзьнікненьню сэпаратысцкіх альбо праўкраінскіх груповак, якія, зрэшты, ня мелі значнай грамадзкай падтрымкі. Моўныя адметнасьці (часта — вельмі істотныя) характэрныя для асобных рэгіёнаў практычна ў кожнай краіне. Паўночны немец з-пад Гамбурга часам зь цяжкасьцю разумее баварца, а расеец, які жыве пад Волагдай, з усьмешкай успрымае гаворку жыхара Стаўрапольля... Тым ня менш, нацыю згуртоўвае найперш адзіная літаратурная мова, на якой павінна весьціся выкладаньне ў школах і ВНУ, якая павінна гучаць у чыноўніцкіх кабінэтах, на радыё і тэлебачаньні. У Беларусі з прычыны многіх абставін беларуская мова многіх гэтых функцый не выконвае.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG