Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычная апазыцыя хоча дасягнуць гендэрнай роўнасьці

абноўлена

Тры палітычныя партыі і тры грамадзкія арганізацыі Беларусі сёньня падпісалі мэмарандум аб супольнай працы над «Нацыянальнай гендэрнай плятформай».

Праз гендэрную роўнасьць дэмакратычныя сілы будуць спрабаваць мадэрнізаваць Беларусь. Яны перакананыя, што ад гендэрнай няроўнасьці церпяць і жанчыны, і мужчыны.

Выкласьці стратэгічныя мэты і супольную праграму падпісанты мэмарандуму даручылі старшыні «Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху» Людміле Пецінай. Яна адзначыла, што надышоў час па-новаму паглядзець на гендэрныя стэрэатыпы, бо дыскрымінацыя ў Беларусі тычыцца ўжо ня толькі жанчын, але і мужчын:

«У нас працягласьць жыцьця мужчын на 12 гадоў меншая, чым у жанчын. І гэта вялікая праблема. З кожным годам скарачаецца колькасьць адукаваных мужчын. Зараз сярод людзей з вышэйшай адукацыяй жанчын больш за 60%, а мужчын — менш за 40%. Усё меней становіцца мужчын-спэцыялістаў. Але колькасьць жанчын у сфэры кіраваньня за апошнія гады скарацілася больш чым у 5 разоў. І гэта таксама дыскрымінацыя. Мы бачым, што жаночая група вельмі якасная. Але яна не прадстаўленая там, дзе прымаюцца галоўныя стратэгіі на разьвіцьцё нашай краіны».

Дэмакратычная апазыцыя хоча дасягнуць гендэрнай роўнасьці
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:35 0:00
Наўпроставы лінк

Свае подпісы пад мэмарандумам аб супольнай працы паставілі прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, партыі «Справядлівы сьвет», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада»), Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, кампаніі «Гавары праўду» і руху «За свабоду».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька патлумачыў далучэньне сваёй партыі да супольнай працы жаданьнем зьмяніць электаральныя настроі жанчын:
Чаму жанчына, якую гэтая ўлада дыскрымінуе, у многіх сытуацыях аддае свой голас за гэтую ўладу?


«Калі мы паглядзім сацыялёгію, то сярод выбарцаў, якія галасуюць за гэтую ўладу, жанчын усё ж значна болей, чым мужчын. І гэта алягічная сытуацыя. Бо, на мой розум, Беларусь — гэта краіна са значнай дыскрымінацыяй жанчын. Чаму жанчына, якую гэтая ўлада дыскрымінуе, у многіх сытуацыях аддае свой голас за гэтую ўладу? Таму, мы лічым, вельмі важна, каб наступная выбарчая кампанія, асабліва прэзыдэнцкая, зьмяніла гэты трэнд. І калі бальшыня жанчын прагаласуе за перамены, за кандыдата ад дэмакратычнай супольнасьці, то гэта і будзе адным з канкрэтных вынікаў сёньняшняга дакумэнту».

Старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук сказаў, што ў незалежных прафсаюзах ужо шэсьць гадоў існуе жаночая сетка. Але надышоў час ісьці далей. І ісьці супольна:

«Трэба паглядзець на твары гэтых жанчын, калі яны зьбіраюцца разам. Паслухаць іх размовы, пасачыць за іхнімі дзеяньнямі, каб зразумець, наколькі сёньня мы трапілі ў самы цэнтар праблемы. Я лічу, што пляцоўка, якую мы сёньня разам стварылі, — можа, адзін з тых рэдкіх выпадкаў, калі мы абазначылі абсалютна важны прыярытэт для вельмі-вельмі многіх дэмакратычных арганізацыяў. І палітычных, і грамадзкіх».

Чакаецца, што 8 сьнежня да мэмарандуму далучацца новыя падпісанты. У гэты дзень у Менску заплянавана правесьці вялікую канфэрэнцыю па гендэрных пытаньнях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG