Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За электраэнэргію прапануюць плаціць дыферэнцыявана


«Прапановы па дыфэрэнцыяванай аплаце электраэнэргіі насельніцтвам ужо падрыхтаваныя», — заявіў сёньня на сумесным паседжаньні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі міністар энэргетыкі Аляксандар Азярэц.

Ён назваў наступныя лічбы: карыстальнікі газавай пліты будуць аплочваць па звычайных коштах да 150 кіляват-гадзін у месяц, карыстальнікі электрапліты — да 250 кіляват-гадзін у месяц.

Карыстальнікі газавай пліты, якія за месяц скарыстаюць ад 150 да 300 кіляват-гадзін, а электрапліты за месяц — ад 250 да 400 кіляват-гадзін, будуць плаціць на 30% больш за звычайны кошт. Тыя ж, хто перасягне норму ў 300 і 400 кіляват-гадзін адпаведна, далей будуць плаціць утрая большую цану, чым так званы сацыяльны кошт.

Аляксандар Азярэц сказаў, што дыфэрэнцыяваная аплата будзе больш справядлівай. Ён падмацаваў свае словы наступнымі лічбамі:

«75% насельніцтва Беларусі траціць 2 мільярды кіляват-гадзін на месяц. Гэтыя людзі штомесяц трацяць па 200–300 кіляват-гадзін. А яшчэ 2 мільярды, то бок палову, забірае 25% насельніцтва. Гэта людзі, якія за месяц спальваюць 2000–3000 кіляват-гадзін электраэнэргіі. А за кожны кіляват і адны, і другія пакуль плацяць аднолькава. І гэтым парушаецца сацыяльная справядлівасьць», — адзначыў міністар Азярэц.

Аляксандар Азярэц дадаў, што гэтая сыстэма будзе ўводзіцца ў дзеяньне пры ўмове падвышэньня заробкаў, пэнсіяў і сацыяльнай дапамогі для насельніцтва краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG