V Кангрэс новай беларускай дыяспары Эўропы і ЗША дэмакратычных сілаў Беларусі ў Таліне сабраў амаль 50 удзельнікаў. Традыцыйным арганізатарам выступіў палітычны уцякач Павал Марозаў і яго арганізацыя «Трэці шлях».
Беларускую дыяспару прадстаўлялі «Беларускі дом Інфармацыйны» (Польшча), «Беларускі трыбунал» (Нідэрлянды), «Альянс за мадэрнізацыю» (Чэхія), Беларускі дом у Вільні (Літва), deutsch-belarussische Gesellschaft (Нямеччына), Беларусы Пецярбурга (Расея).
У якасьці экспэртаў — палітычны ўцякач Алесь Міхалевіч, дырэктар Беларускага Дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк, намесьнік старшыні «Руху за Свабоду» Юрась Губарэвіч, сябра Сойму Партыі БНФ Юры Чавусаў, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава і шэраг іншых.
Павал Марозаў: «Ідэя кангрэсу — сабраць людзей, якія прадстаўляюць розныя краіны, розныя арганізацыі. Не навязваць меркаваньні, але каб кожны працаваў у сваім кірунку <…> Як крэйсэр, які выпускае дванаццаць ракетаў, кожная зь якіх дасягае канкрэтна сваёй мэты».
Некаторыя запрошаныя госьці ад удзелу адмовіліся. Напрыклад, рэдактарка сайту Хартыі-97 Наталя Радзіна напярэдадні напісала ў сваім фэйсбуку:
«Са зьдзіўленьнем выявіла, што на „Кангрэсе беларускай дыяспары“ <…> будзе Вольга Абрамава. Выдатная кампанія. Я, мабыць, ўстрымаюся ад удзелу».
Арганізатар Кангрэсу Павал Марозаў зьяўляецца сябрам Рады БНР.
Павал Марозаў пра вынікі Кангрэсу ў Таліне:
Паводле Марозава, дзеячам апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці не хапае шчырасьці:
«Вось Мацкевіч, напрыклад, падмяняе паняцьці. Чаму б яму не сказаць, чаго ён рэальна хоча. Маўляў, я хачу прыйсьці да ўлады. Тады лепш не прыкрывацца грамадзянскай супольнасьцю».
Марозаў лічыць, што апазыцыі і НДА ў Беларусі лепш працаваць паасобку:
«Сапраўды, ёсьць сэнс разьдзяліць палітычныя суб’екты і грамадзянскую супольнасьць. Даць магчымасьці сфармаваць кааліцыі. Мы чакаем ад палітыкаў простага фіналу: зьмены сыстэмы. Вось Ліпковіч — ён палітык? Не, ён трыбун. Такім людзям трэба даць сваю трыбуну. Для палітыкаў гэта будзе прыманкай, каб зь імі працаваць. І для грамадзтва гэта будзе арыенцірам. Зьявяцца новыя твары. Грамадзтва будзе актывізавацца».
Выступ Алеся Міхалевіча тычыўся бягучай сытуацыі ў Беларусі:
«Адна з галоўных цяпер праблемаў — масавая эміграцыя, асабліва ў Расею, хаця там падлік беларусаў не вядзецца. Шмат беларусаў зьехалі ў Кіеў. <…> Узгадайце, усе прагназавалі масавую прыватызацыю. Але стала відавочна, Лукашэнка не зьбіраецца дзяліцца ані ўладай, ані маёмасьцю».
Юрась Губарэвіч пачаў і скончыў выступ прагнозам, што 2013 год наўрад ці прынясе нейкія зрухі.
«Грамадзтва будзе занятае вырашэньнем сваіх уласных, у тым ліку фінансавых праблемаў. Палітычная актывізацыя будзе невялікая, тым больш калі апазыцыя не выступіць кансалідавана. Напярэдадні мясцовых выбараў 2014 году магчыма абраньне адзінага кандыдата».
Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава задала пытаньне Юрасю Губарэвічу пра раскол апазыцыі на «радыкальную» і «ўмераную»:
«Ваш альянс «Руху за Свабоду», «Гавары Праўду» і БНФ, на мой погляд, вельмі пэрспэктыўны. Ці мадэлявалі вы адносіны з другім лягерам, з радыкаламі? Таксама, на мой погляд, Мацкевіч [Уладзімір] бліжэйшы да вашай групы. Якія зь ім адносіны?»
Юрась Губарэвіч адказаў, што падзел на «радыкальных» і «ўмераных» умоўны:
«Усе радыкалы ўжо зьехалі зь Беларусі. Іх радыкалізм — у рыторыцы і непрымірымай пазыцыі. На маю думку, пазыцыя іх — утапічная, яна толькі кансэрвуе сытуацыю, намэнклятура для сябе ня бачыць ніякіх пэрспэктываў. <…> Што да Мацкевіча, да гэтага ён быў крытыкам апазыцыі. Паглядзім, ці зможа ён уліцца ў палітычныя працэсы».
Увогуле, цягам Кангрэсу Вольга Абрамава праяўляла надзвычайную актыўнасьць і падчас кожнай дыскусійнай панэлі выступала ці задавала пытаньні. Яна зрэагавала на выступ палітоляга Андрэя Паротнікава пра тое, што Лукашэнка шукае альтэрнатыву Расеі:
Пасьля плянарных паседжаньняў адбыліся дыскусіі ў працоўных групах. Частка абмяркоўвала магчымасьці працы беларускіх прадстаўніцтваў за мяжой. Адзін з удзельнікаў групы Алесь Зарэмбюк адзначыў:
«Беларускія прадстаўніцтвы за мяжой павінны знайсьці паміж сабой агульную мову, а працаваць найперш трэба з арганізацыямі ў Беларусі».
Другая працоўная група была прысьвечаная інтэрнэт-праймэрыз, як спосабу працы дэмакратычнай супольнасьці з насельніцтвам. Удзельнікі гэтай групы ў цэлым пагадзіліся, што сярод іншага, інтэрнэт-праймэрыз можа быць выкарыстаны для вызначэньня адзінага кандыдата на выбарах 2015 году альбо для выбараў легітымнага органу апазыцыі і/альбо грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Экспэрты з Расеі распавялі, як ім нядаўна пры дапамозе сеціва ўдалося правесьці выбары ў каардынацыйную раду расейскай апазыцыі.
«На жаль, Беларусь — адзіная краіна, якая за апошні час зрабіла крок назад у пляне дэмакратычных пераўтварэньняў».
Прадпрымальнікі Віктар Гарбачоў і Алег Мяцеліца распавялі спэцдакладчыку пра сытуацыю з дробным і сярэдні бізнэсам у Беларусі:
«У нас каля мільёна прадпрымальнікаў. Аднак яны не ідуць у палітыку. Не ідуць, бо іх адразу закрыюць» — адзначыў Гарбачоў.
Казалі пра спробы ціску на незалежныя мэдыі і выказаліся за ідэю адмены альбо зьмяншэньня кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў. Між іншага, прагучала ідэя правесьці кампанію за пашырэньне колькаснага складу супрацоўнікаў дыпляматычных прадстаўніцтваў у Беларусі, што спросьціць і паскорыць працэдуру атрыманьня візаў.
У межах Кангрэсу адбылося адкрыцьцё выставы мастачкі Тацяны Дзянісавай у вежы Хэлемана ў гістарычным цэнтры Таліна, а таксама прэзэнтацыя беларускай нядзельнай школкі «Пралеска».