Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зможа Беларусь далей атрымліваць расейскія энэргетычныя ільготы?


«Газпром» павялічвае пастаўкі газу ў Беларусь і газавы транзыт празь беларускую тэрыторыю. У чым прычына такой ласкі? Чаму не ўдаецца дамовіцца па нафтавых пытаньнях? Чаго дамагаецца Расея ад Беларусі, выкарыстоўваючы энэргетычны інструмэнт?

Удзельнікі: эканамічны аглядальнік «Белгазеты» Сяргей Жбанаў зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Чаму не ўзьнікае газавых праблем?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: «Усе ўжо прызвычаіліся да традыцыі, што напярэдадні Новага году трэба чакаць чарговай газавай вайны паміж Беларусьсю і Расеяй. Але гэтым разам усё наадварот. Газавыя дачыненьні выглядаюць амаль што ідэальнымі. Лукашэнка ўчора падчас сустрэчы з кіраўніком „Газпрому“ Аляксеем Мілерам выказаў задавальненьне ўзроўнем супрацоўніцтва. Сапраўды, Беларусь атрымлівае газ па вельмі ільготных цэнах. Гэтым годам „Газпром“ павялічвае пастаўкі газу ў Беларусь на 10%, а газавы транзыт празь беларускую тэрыторыю бліжэйшымі гадамі павялічваецца на 30%. Акрамя таго, „Газпром“ плянуе вялікія інвэстыцыі ў Беларусь: газавыя сховішчы і інш. Чаму парушылася традыцыя?»

Сяргей Жбанаў
Сяргей Жбанаў
Сяргей Жбанаў: «Таму што „Газпром“ поўнасьцю купіў „Белтрансгаз“ год таму. Цяпер уся газатранспартная сыстэма Беларусі належыць расейскай кампаніі. І „Газпрому“ няма рэзону ствараць Беларусі нейкія праблемы. Ён вырашае задачу атрыманьня максымуму прыбытку ад купленай маёмасьці».

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш: «Акрамя продажу „Белтрансгазу“, на ўзаемныя дачыненьні ўплывае той факт, што Беларусь увайшла ў Мытны зьвяз і Адзіную эканамічную прастору. І адной з умоваў уваходжаньня Беларусі ў гэты зьвяз былі ільготныя цэны на газ. І гэтыя ільготы будуць захоўвацца яшчэ гады два.

Трэцяя прычына палягае ў тым, што ЗША сталі прадаваць на ўсясьветным рынку сланцавы газ і зьбілі цэны на газ. Яны прадаюць яго па 100 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў, а расейскі газ прадаваўся ў Эўропе па 1000 даляраў. Акцыі „Газпрому“ ўжо крыху ўпалі. Таму расейская кампанія цяпер імкнецца задзейнічаць усе магчымыя транзытныя шляхі, каб прыручыць свайго пакупніка. „Газпром“ больш не манапаліст, таму імкнецца ратаваць тыя рынкі, якія кантралюе».

Чаму не ўдаецца дамовіцца па нафтавых пытаньнях?


Карбалевіч: «А вось па нафтавых пытаньнях бакі ня могуць дамовіцца. Ні па аб’ёме паставак нафты ў Беларусь на чацьвёрты квартал гэтага году, ні па аб’ёмах на наступны год, ні па аб’ёме зваротных паставак бэнзіну зь Беларусі ў Расею. Ня могуць дамовіцца бакі і па пытаньні, якім чынам юрыдычна заблякаваць экспарт нафтапрадуктаў зь Беларусі пад выглядам растваральнікаў. А нафтавае пытаньне для Беларусі сёньня больш важнае, чым газавае. Як вы гэта пракамэнтуеце?»

Жбанаў: «На чацьвёрты квартал бакі дамовіліся. Вось прэс-служба кампаніі „Транснафта“ паведамляе, што яна знайшла дадаткова 600 тысяч тон нафты для паставак у Беларусь.

Што тычыцца наступнага году, дык тут я хачу зьвярнуць увагу на адну акалічнасьць. Беларусь хоча, каб Расея паставіла 23 мільёны тон менавіта праз трубаправод. Хачу нагадаць, што ў балянсе на 2012 год таксама быў зафіксаваны аб’ём 23 мільёны тон. Але 21 мільён тон — праз трубаправод, а астатнія — чыгункаю. Але беларускі бок не захацеў везьці нафту чыгункаю, бо тады яна выходзіць даражэйшая.
Адна з расейскіх уладных груповак плянавала выкарыстаць скандал з растваральнікамі дзеля таго, каб прымусіць кіраўніцтва Беларусі прадаць «Беларуськалій»


Але гэты торг — цалкам нармальная зьява, бо абодва бакі адстойваюць свае інтарэсы. Расейскія прадстаўнікі кажуць, што найперш яны павінны загрузіць Балтыйскую трубаправодную сыстэму».

Коктыш: «Тут маюць места і палітычныя матывы. Бо нафтавае пытаньне, дакладней, пытаньне пра растваральнікі, сапсавала трохі адносіны. Адна з расейскіх уладных груповак плянавала выкарыстаць скандал з растваральнікамі дзеля таго, каб прымусіць кіраўніцтва Беларусі прадаць «Беларуськалій».

Ці выкарыстоўвае Расея энэргетычны інструмэнт для дасягненьня іншых мэтаў?


Карбалевіч: «Існуе пункт гледжаньня, што ў беларуска-расейскіх дачыненьнях усе пытаньні разглядаюцца ў пакеце, што пытаньні нафты і газу ўвязаныя зь іншымі пытаньнямі. У экспэртнай супольнасьці існуе вэрсія, што Расея выкарыстоўвае энэргетычны інструмэнт дзеля таго, каб прымусіць Беларусь згадзіцца на прыватызацыю беларускіх прадпрыемстваў расейскім капіталам. Ці згодныя вы з гэтай вэрсіяй?»

Жбанаў: «Не. Бо каб прымусіць да прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў на карысьць расейскага капіталу, існуе іншы, прычым афіцыйны, рычаг. У стабілізацыйнай праграме, падпісанай Беларусьсю і Антыкрызісным фондам ЭўрАзЭС, ёсьць пункт, паводле якога Беларусь павінна за год прадаць дзяржаўнай маёмасьці на суму 2,5 мільярда даляраў. Але беларускі прэм’ер Мясьніковіч прызнаў, што гэты пункт ня будзе выкананы. Гэта дае падставы Расеі як галоўнаму заснавальніку фонду не выдаваць чарговы транш крэдыту. Альбо выкарыстоўваць гэты рычаг, каб прымусіць Беларусь прадаваць свае прадпрыемствы. Таму няма неабходнасьці ціснуць на Беларусь, выкарыстоўваючы нафтавае пытаньне».
У Беларусі няшмат прадпрыемстваў, якія прывабныя для расейскага капіталу


Коктыш: «Думаю, што пытаньне нафты ўвязанае з пытаньнем прыватызацыі. Але ўвязка ня жорсткая. Бо расейская ўладная эліта не маналітная. Там ёсьць групоўкі, якія робяць стаўку на вуглевадародны інструмэнт, ёсьць іншыя групы зь іншымі рычагамі. І яны між сабою канкурыруюць, што праяўляецца ў карупцыйных скандалах у Расеі.

Увогуле беларуская прыватызацыя цікавіць Расею. Але ў Беларусі няшмат прадпрыемстваў, якія прывабныя для расейскага капіталу. Гэта „Беларуськалій“, два НПЗ, МАЗ і МТЗ.

Беларускія прадпрыемствы ня могуць быць прададзеныя за тыя грошы, якіх яны каштавалі 3–5 гадоў таму. Танна прадаваць няма рэзону для беларускага кіраўніцтва, а дорага — ня купіць інвэстар. Таму няма сэнсу расейскаму кіраўніцтву прымушаць Беларусь да масавай прыватызацыі.

Што тычыцца выдзяленьня крэдыту, то Беларусь можа яго атрымаць з палітычных прычын. Бо Расея моцна зацікаўленая, каб Беларусь удзельнічала ў стварэньні Эўразійскага зьвязу. Гэты праект вельмі важны для Пуціна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG