Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра «Зайцава ў квадраце» і 12 тысяч супрацоўнікаў КДБ


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Паводле кіраўніка Беларусі асноўнай прычынай адстаўкі Вадзіма Зайцава з пасады старшыні КДБ стала нездаровая маральна-псыхалягічная абстаноўка, якая склалася ў асобных падразьдзяленьнях КДБ.

Пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка 19 лістапада.

Лукашэнка прадстаўляе новага старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка, перадае БелТА.

«Вельмі б хацеў спадзявацца, што гэты новы чалавек разам з вамі зробіць тую спэцслужбу, якая павінна адпавядаць сучасным патрабаваньням», — заявіў Лукашэнка, прадстаўляючы Вакульчыка.

Лукашэнка заявіў, што некаторыя супрацоўнікі КДБ «хацелі б з прахалодай, вальней сябе адчуваць, не хадзіць на працу, забываючы пра тое, што на плячах пагоны».

«Вось тым трэба шукаць іншую працу. І вы ня бойцеся, што ад вас кудысьці пойдуць людзі. Хай сыходзяць. Мы гатовыя і нямала робім сёньня, каб стварыць для чэкістаў самыя спрыяльныя ўмовы працы», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

«Бачу, што адбываецца вакол нашай краіны і ўнутры і якіх мне каштуе намаганьняў, каб стрымаць краіну, каб яе на кавалкі не парэзалі і не расьцягнулі», — казаў далей Аляксандар Лукашэнка. — «Вы гэта таксама бачыце. Але бачыць — гэта адно, трэба прадпрымаць максымум намаганьняў, каб стварыць цэласнасьць, недатыкальнасьць і бясьпеку нашай краіны. Вось для такіх супрацоўнікаў мы гатовыя стварыць любыя ўмовы. Хай іх будзе не 12 тысяч, не 10 тысяч і нават не 6 тысяч чалавек. Хай іх застанецца 3 тысячы, але гэта застануцца адданыя дзяржаве людзі. З такімі Вакульчык будзе працаваць. Усе астатнія куды хочуць, хай сыходзяць».


Пра «нездаровую маральна-псыхалягічную абстаноўку» ў КДБ



Да вас прыйшоў кіраўнік „Зайцаў у квадраце“
Аляксандар Лукашэнка на прадстаўленьні Валерыя Вакульчыка

Лукашэнка пра прычыны адстаўкі Зайцава: «У першую чаргу — гэта нездаровая маральна-псыхалягічная абстаноўка, якая склалася ў асобных падразьдзяленьнях КДБ. Яна выкліканая недахопамі ў арганізацыі як кадравай, так і ідэалягічнай працы, а таксама перакосамі пры забесьпячэньні ўласнай бясьпекі».

Лукашэнка кажа, што адстаўка Зайцава зьвязаная з настроямі і думкай сярэдняга і ніжэйшага зьвяна супрацоўнікаў КДБ. «Я іх голас пачуў. Магу сказаць, ваш голас пачуў. Але па-мужчынску хачу вас папярэдзіць, што да вас прыйшоў кіраўнік „Зайцаў у квадраце“. Гэта ня той добры хлопец, якога, можа, хтосьці тут чакаў (...) Гэта „Зайцаў у квадраце“, але бязь лішніх заносаў, без галавацяпства, чалавек, нацэлены на прафэсіяналізм, адзін зь нямногіх, хто жалезабэтонна ведае, чаго хоча прэзыдэнт ад КДБ».

Лукашэнка таксама ўзгадаў пра сьмерць падпалкоўніка Казака: «Натуральна, я быў вымушаны зьвярнуць увагу на такую сытуацыю і зрабіць сур’ёзныя захады. Спачатку быў адпраўлены ў адстаўку начальнік упраўленьня ўласнай бясьпекі КДБ, а сьледам і старшыня».

Спачатку быў адпраўлены ў адстаўку начальнік упраўленьня ўласнай бясьпекі КДБ, а сьледам і старшыня
Аляксандар Лукашэнка пра наступствы сьмерці Аляксандра Казака

«Тым ня менш яшчэ раз хачу падкрэсьліць, калі хтосьці думае, што Зайцаў — гэта дрэнны і непрыдатны для КДБ чалавек... Можа, ён і непрыдатны, але не таму, што ён дрэнна служыў. Ён па-свойму разумеў свае задачы. Больш за тое, ён разам з вамі вырашаў гэтыя задачы, і на асобных напрамках вельмі эфэктыўна», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

«Запомніце, у нас нямала праціўнікаў і ворагаў. Зь імі трэба бязьлітасна змагацца. Але трэба давяраць тым людзям, якія вядуць гэтую барацьбу, і ня трэба апрыёры ў кожным бачыць дрэннага чалавека. Для чэкісцкай арганізацыі гэта непрымальна», — падсумаваў Лукашэнка.




Калінкіна: «КДБ павінен ахоўваць дзяржаву, а не Лукашэнку»


Сьвятлана Калінкіна
Сьвятлана Калінкіна
Шэф-рэдактар «Народнай волі» Сьвятлана Калінкіна не выключае, што адстаўка Вадзіма Зайцава — звычайная замена пэрсон у атачэньні Аляксандра Лукашэнкі, якія сталі занадта ўплывовымі, паколькі валодаюць выключнай інфармацыяй. Вадзім Зайцаў, паводле Сьвятланы Калінкінай, адыграў вельмі пэўную ролю ў падзеях 19 сьнежня 2010 году і адзначыўся як «жорсткі кіраўнік». Што да словаў Аляксандра Лукашэнкі пра «маральна-псыхалягічную абстаноўку ў асобных падразьдзяленьнях КДБ», журналістка не бярэцца іх камэнтаваць, спасылаючыся на адсутнасьць інфармацыі пра сытуацыю ў пэўных структурах КДБ. Аднак прэтэнзіі да ўсяго КДБ у Сьвятланы Калінкінай ёсьць.

«Бо я лічу, што задача КДБ — ахоўваць дзяржаву, а не прэзыдэнта і прэзыдэнцкую ўладу. Сёньня мы бачым, што краіну запаланілі наркотыкі, але ніякіх гучных спраў у сувязі з гэтым, тым больш ініцыяваных КДБ, няма. Сёньня мы бачым паводле праверак выкананьня інвэстыцыйных праграмаў ды розных іншых праграмаў па выдзяленьні грошай зь бюджэту, што гэтыя грошы проста ідуць у пясок. КДБ таксама не займаецца карупцыяй у вышэйшых эшалёнах улады. А вось лавіць нейкіх актывістаў, якія выйшлі змагацца ці за беларускую мову, ці за вольныя выбары, якія задыхаюцца ў гэтай краіне і хочуць выказаць сваё незадаволеньне — во, яны аказаліся галоўнымі ворагамі для КДБ. Мне здаецца, што прыярытэты, якія гэтае ведамства сабе паставіла, выконваюцца абсалютна лёгка. Але ім трэба выконваць задачы сапраўднай бясьпекі, а гэта вельмі складаныя задачы».



9 лістапада Аляксандар Лукашэнка правёў нараду, на якой абмяркоўвалася дзейнасьць КДБ. Па выніках нарады дзяржаўны сакратар Савета бясьпекі Беларусі Леанід Мальцаў адзначыў, што ў сваіх выступах генпракурор і старшыня Сьледчага камітэта паставілі шэраг пытаньняў. У прыватнасьці, яны тычыліся апошніх падзей, зьвязаных з КДБ.

«Усім вядома пра самагубства падпалкоўніка КДБ Аляксандра Казака. Ёсьць і шэраг іншых пытаньняў, якія патрабуюць ўважлівага расьследаваньня», — заявіў Леанід Мальцаў.

Вынікам нарады стала тое, што кіраўніка КДБ Вадзіма Зайцава адправілі ў адстаўку. 16 лістапада Аляксандар Лукашэнка прызначыў Валерыя Вакульчыка старшынём КДБ.


Падрабязнасьці — пазьней
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG