Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбух каля віцебскага КДБ: чуткі замест інфармацыі

абноўлена

Правае крыло будынка КДБ, дзе адбыўся выбух. Архіўнае фота
Правае крыло будынка КДБ, дзе адбыўся выбух. Архіўнае фота
Пасьля падзеяў 11 лістапада, калі прагучаў выбух каля будынка абласной управы КДБ, па горадзе пранеслася хваля чутак пра арганізатараў і наступствы гэтага інцыдэнту.

17.40 Па справе віцебскага выбуху затрыманым застаецца адзін чалавек. Астатніх двух падазраваных сьледчыя адпусьцілі. Пра гэта паведаміў Інтрэфакс са спасылкай на Сьледчы камітэт.

Афіцыйная заява пра трох затрыманых жыхароў абласнога цэнтру не праясьніла сытуацыю для мясцовых жыхароў: яна спараджае новыя чуткі і меркаваньні.

Каля будынка КДБ на вуліцы Савецкай ужо няма ахоўнай стужкі, шкло ў вокнах на месцы. Усё выглядае так, быццам нічога і не было: ні ўзмоцненай аховы, ні міліцэйскіх патрулёў панавокал.

Між тым жыхары Віцебску хацелі б ведаць падрабязнасьці здарэньня. Але ўсе мясцовыя дзяржаўныя газэты абмежаваліся перадрукоўкай зьвестак з афіцыйнага сайту КДБ: «выбухнула самаробнае піратэхнічнае прыстасаваньне» і «затрыманыя тры чалавекі».

Я толькі ведаю, што КДБ усе ненавідзяць і баяцца!

Ня больш інфармацыі і ў сацыяльных сетках: інтэрнэт-карыстальнікі толькі пераказваюць тое, што зьявілася ў розных СМІ ў першыя суткі пасьля здарэньня.

Віцебская пэнсіянэрка спадарыня Галіна таксама цікавіцца інфармацыяй у сеціве: «Сяброўкі тэлефануюць, пытаюцца: «Ці чула ты, што здарылася? Там нешта ўзарвалася, ды каля КДБ... Во як ты лічыш?» А што я магу лічыць без інфармацыі? Я толькі ведаю, што КДБ усе ненавідзяць і баяцца! Вам факт далі? Далі! Толькі адзін факт паведамілі, і ўжо пачалося «Бла-бла-бла, гэта той!» — «Не, гэта ня той!..»

Насамрэч, інтэрнэт поўны зьвестак сумнеўнага паходжаньня — аж да таго, што нібыта прыстасаваньне мусіла выбухнуць на пачатку працоўнага дня ў панядзелак, але нехта не разьлічыў, і ўсё здарылася раней...

Што да падазраваных асобаў, то адразу было паведамлена, нібыта адзін з затрыманых мае адхіленьні ў паводзінах і раней тэлефанаваў у КДБ зь некарэктнымі выказваньнямі на адрас уладаў. Учынак быў кваліфікаваны як «хуліганства». Але потым прадстаўніца абласнога сьледчага камітэту, куды перадалі крымінальную справу, заявіла наступнае: сытуацыя не камэнтуецца, гэта тычыцца як акалічнасьцяў справы, так і фігурантаў — у прыватнасьці, іх асобаў і сацыяльнага становішча.

Я ўчора падышоў, паглядзеў. Гэта „сьляпая зона“, ніводная відэакамэра „ня бачыць“, што там адбываецца... Месца выбрана вельмі прафэсійна
Былы апэратыўнік Аляксандар Мікулін

Былы апэратыўны супрацоўнік міліцыі Аляксандар Мікулін не разумее, чаму раптам зайшла гаворка пра сацыяльнае становішча:

«Гэта што ў нас, грамадзтва так сацыяльна падзеленае, што выбухі каля КДБ ладзяць адны, каля МУС — другія, на вакзалах — трэція, а ў мэтро — чацьвёртыя? Сацыяльная характарыстыка тут недарэчы. Але застаецца пытаньне: якія былі матывы гэтага дзеяньня? Я ўчора падышоў, паглядзеў... Гэта „сьляпая зона“, ніводная відэакамэра „ня бачыць“, што там адбываецца... Месца выбрана вельмі прафэсійна. Дык што ж там адбылося? Можа, гэта была праверка працы праваахоўных органаў?»

Здагадак можа быць колькі заўгодна, але аб’ектыўнай інфармацыі — няшмат. Праваабаронца Павал Левінаў мяркуе, што гэта невыпадкова:

«Камусьці выгадна, каб нараджаліся чуткі! Бо недахоп інфармацыі заўжды спараджае чуткі. А тут — ніякай рэакцыі, нібыта нічога ня здарылася, ці здарылася нешта шараговае. Кепска, што мы ня ведаем нічога пра затрыманых. Мяне як праваабаронцу, да прыкладу, хвалюе, ці аказваюць ім прававую дапамогу, ці, можа, яны маюць патрэбу ў мэдычнай дапамозе».

Ні Паўлу Левінаву, ні журналістам не ўдалося адшукаць і тых, хто быў затрыманы ў ноч з 11-га на 12-га лістапада ў якасьці падазраваных і каго потым адпусьцілі. Пры першых жа спробах скантактавацца людзі адмаўляюцца гаварыць пра тыя падзеі. Ня выключана, што іх проста запалохалі, лічыць праваабаронца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG