Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя станцыі мэтро адкрылі — з трэцяй спробы

абноўлена

Новае мэтро: гразь, мокрая столь і зачыненыя дзьверы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:30 0:00
Наўпроставы лінк

Новае мэтро: гразь, мокрая столь і зачыненыя дзьверы

У Беларусі адкрыцьцё новых станцыяў мэтро традыцыйна прымяркоўваюць да чарговай гадавіны кастрычніцкай рэвалюцыі. Так было з «Уруччам» і «Барысаўскім трактам», так сталася і з «Грушаўкай», «Міхаловам» і «Пятроўшчынай». 6 лістапада Аляксандар Лукашэнка асабіста ўзяў удзел ва ўрачыстасьцях. Праўда, для шырокай публікі новыя станцыі адкрыюцца толькі 7 лістапада а 14-й гадзіне.

4 гады жыхары вялікіх спальных мікрараёнаў Малінаўка, Паўднёвы Захад, Міхалова, а таксама раёну прыватнай забудовы Грушаўка цярпелі вялікія нязручнасьці — вуліцы перакапаныя, транспарт перапоўнены, заторы, аб’езды. Але іх суцяшалі, што гэта часова. Спачатку адкрыцьцё новых станцыяў мэтро было заплянаванае на канец 2011 году, потым перанесьлі на 1 верасьня 2012 году. Адкрылі ўрэшце толькі цяпер.

Эканаміст Міхал Залескі як асоба зацікаўленая — бо жыве ў мікрараёне Міхалова, а працуе ў мікрараёне Ўсход — уважліва сачыў за будоўляй і тлумачыць, чаму пераносіліся тэрміны здачы новых станцыяў:

«Усю гаспадарку па каляі зрабілі, тунэлі таксама. Відаць было, як даўно ўжо сталі прыбіраць чыста мэтроўскія будаўнічыя рэчы. Будаўніцтва ў горадзе вымагае вялікіх праблемаў з камунікацыямі. Цяжкасьці вялікія былі зь перанакіраваньнем транспарту. Шмат маршрутаў, трэба мяняць прыпынкі, увесь час зь месца на месца пераносіць. Шмат праблемаў было з рэчкай Мышкай, каб пусьціць яе пад дарогу. На Алібегава пуцеправод таксама трэба было рабіць. То бок былі праблемы на паверхні, а не пад зямлёй. Яны цягнулі і адцягвалі тэрміны здачы мэтро».

Натуральна, часу не хапала, а быў загад кіраўніка дзяржавы пасьпець да кастрычніцкіх сьвятаў. Таму спачатку на суботнікі, а потым кожны дзень на будоўлю прыцягвалі дадатковыя сілы, кажа Міхал Залескі:
Бабы, чакаючы Лукашэнку, сем разоў зямлю скародзілі, як дождж пройдзе (а тут, у Міхалове, гліна, яна адразу гладкая робіцца)

«Кожную раніцу разнарадка: студэнты, розныя слаі грамадзтва атрымлівалі заданьні, і ўсё будзе зроблена, як трэба. Толькі каб не атрымалася, як у Горках: каб не пачало ўсё хутка развальвацца. Адкосікі зрабілі, праспэкт прывялі ў парадак. Бытовачкі ўсе папрыбіралі, вынесьлі на вуліцу Льва Сапегі. Там бабы, чакаючы Лукашэнку, сем разоў зямлю скародзілі, як дождж пройдзе (а тут, у Міхалове, гліна, яна адразу гладкая робіцца), іх адразу з граблямі выганяюць зноў, каб прыгожа было, бо трава ж ужо не ўзыходзіць. То бок у нас навучыліся „панты“ гэтыя рабіць, каб прыехаў Аляксандар Рыгоравіч — і сэрца яго радавалася: як хораша!»

Станцыі ўрачыста адкрылі. Тое, што не пасьпелі прыбраць, прыкрылі плотам, замаскіравалі. Дзякуючы грамадзкасьці адстаялі назву «Пятроўшчына», бо спачатку хацелі назваць «Мэдунівэрсытэт». Дарэчы, Грушаўка, Міхалова, Пятроўшчына — назвы вёсак і фальваркаў, якія некалі тут былі.

Аўтар дзьвюх станцыяў мэтро першай лініі — «Акадэміі навук» і «Плошчы Якуба Коласа» — Міхаіл Пірагоў апавёў, што ў канцы 70-х — пачатку 80-х станцыі праектавалі творчыя калектывы з розных інстытутаў — «Белдзяржпраекту» і «Менскпраекту», і ў іхнім аздабленьні адчуваецца маскоўскі ўплыў:

«Але мы ж спрабавалі нешта зрабіць, каб была беларуская адметнасьць. Штосьці ўдалося, штосьці не. Ну, а зараз — цалкам сучасны падыход. Але тыя беларускія станцыі, якія адкрываюцца сёньня, усё адно адрозьніваюцца ад іншых».
Мы ж спрабавалі нешта зрабіць, каб была беларуская адметнасьць. Штосьці ўдалося, штосьці не. Ну, а зараз — цалкам сучасны падыход

Канцэпцыя інтэр’ераў новых станцыяў — прыродныя матывы. «Грушаўка» — залаціста-зялёная, у цэнтры пано з грушай. «Міхалова» — заход сонца. Пятроўшчына — зорнае неба.

У Маскве, да прыкладу, новыя станцыі падобныя адна да аднае і аздабляюцца вельмі сьціпла, эканомна. У Менску праектуе станцыі адмысловы інстытут «Мэтропраект», кажа Міхаіл Пірагоў:

«І ў іх ужо вызначылася пэўная стылістыка, з улікам зьяўленьня новых аздабленчых матэрыялаў, а таксама канструктыўных магчымасьцяў».

Паводле падлікаў адмыслоўцаў, колькасьць пасажыраў мэтро з уводам новых станцыяў вырасьце на 7%, то бок як мінімум на 50 тысяч чалавек у суткі. Натуральна, гэта разгрузіць наземны транспарт. Але ёсьць і сур’ёзная небясьпека. На думку Міхала Залескага як сытуацыйнага аналітыка, яна зьвязаная зь перасадачнай станцыяй мэтро «Кастрычніцкая»:

«Там ужо была цісканіна. Цяпер у бок ГУМу зрабілі дадатковыя эскалятары. Зараз, калі дададуцца як мінімум 50 тысяч пасажыраў, там могуць быць вельмі вялікія праблемы ў гадзіны пік. Там трэба нешта рабіць, неяк разьвязваць сытуацыю. Мы напорваемся на эканоміку нечакана, там, дзе і ня думалі на яе напароцца».

Пры канцы наступнага году заплянавана адкрыць яшчэ адну станцыю сталічнага мэтро — «Малінаўку». Некалі каштарыс будаўніцтва 1,8 кілямэтра мэтро ацанілі ў 105 мільёнаў даляраў. Калі ўлічыць, што працягласьць новых перагонаў — каля 5,2 кілямэтра, то будоўля абышлася сама менш у паўмільярда даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG