Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі ў лісьце згадаў пра «Дзяды» 25 гадоў таму


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі нечакана пазваніў дамоў, жонка палітвязьня таксама атрымала ад яго новы ліст.

Натальля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага, днямі мела з мужам тэлефонную размову. Званок быў зусім нечаканы, таму яшчэ больш яе ўзрушыў, кажа жонка палітвязьня:

«Звычайна ён папярэджвае ў лісьце, што можа быць званок. А тут не было ніякай інфармацыі, зусім ніякай. І таму тым учорашнім званком я была вельмі моцна ўзрушана. Дарэчы, голас яго гэтым разам гучаў больш аптымістычна. Магчыма, канечне, ён сябе гэтак настройвае, каб не засмучаць жонку, але вось так было. І яшчэ паведаміў, што нарэшце атрымаў мэдычную бандэроль».

Натальля Пінчук таксама расказала, што ў апошнім лісьце Алесь Бяляцкі згадаў пра «Дзяды», якія прайшлі ў Менску 25 гадоў таму — у 1987 годзе. Заяўнікамі тых «Дзядоў» былі ён, Алесь Бяляцкі і вядомы паэт, цяпер ужо нябожчык Анатоль Сыс. «Дзяды» 1987 году хоць не былі шматлюднымі, але прайшлі вельмі ўдала — упершыню ў голас на іх выступалі палітыкі, казалі пра рэпрэсіі, пра адказнасьць камуністычнай улады за гібель мільёнаў невінаватых людзей. Наступныя «Дзяды», у 1988 годзе, сабралі ўжо тысячы менчукоў, а іх брутальны разгон толькі падштурхнуў да ўзьнікненьня масавага руху беларускага адраджэньня.

Натальля Пінчук: «Вось згадка пра гэта Алеся падштурхнула і мяне да ўспамінаў пра тую падзею. Бо гэта быў тады першы такі мітынг, калі адкрыта сказалі пра рэпрэсіі».

Праваабаронцу Алеся Бяляцкага ўтрымліваюць у бабруйскай калёніі, дзе ён адбывае 4,5 году зьняволеньня нібыта за ўтойваньне прыбыткаў. Вядома, што грошы, якія атрымліваў Алесь Бяляцкі з-за мяжы, ішлі на дапамогу пацярпелым ад палітычных рэпрэсій.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG