Пра народнага песьняра, асэнсаваньне ягонай творчай спадчыны, ягоную ролю ў сваім асабістым жыцьці і ў лёсе нацыі і пашану да яго з боку грамадзтва і дзяржавы гавораць найстарэйшы беларускі паэт Мікола Аўрамчык, коласазнаўца Міхась Мушынскі, аўтар аднаго з апавяданьняў пра Коласа Леанід Дранько-Майсюк і журналіст і зямляк Коласа Валеры Дранчук.
Мікола Аўрамчык упершыню ўбачыў Якуба Коласа яшчэ школьнікам да вайны, калі той прыехаў на літаратурную сустрэчу ў Бабруйск. Пазьней знаны паэт блаславіў пачаткоўца ў вялікі літаратурны сьвет. Пасьля вайны былі частыя сустрэчы ў пісьменьніцкім Доме творчасьці ў Каралішчавічах і ў менскім доме Коласа, куды супрацоўнік часопіса «Полымя» Мікола Аўрамчык прыходзіў па новыя творы народнага паэта для публікацыі. Ён прыгадвае:
«Усе рэчы, якія друкаваліся яго пасьля вайны, мной прынесены ад яго ў рэдакцыю „Полымя“. Гэта раман „На ростанях“. Ён друкаваўся пяцьцю ці шасьцю ратамі. Гэтыя часткі я ў яго забіраў. Забіраў я ў яго паэму „На шляхах волі“, друкавалася яна ў „Маладосьці“. У яго я забіраў і ліст для першага нумара „Маладосьці“. З фатографам мы тады прыходзілі. Ну, і пасьля мы ў яго ў гасьцях былі, ён запрасіў і частаваў. Было тады вельмі сьпякотна, летні гарачы дзень, і на стале было даволі сьціпла. Сядзелі на вэрандзе ў яго. Абыходзіліся больш півам, парэчкамі, чорнай смародзінай. Ён нам паказваў жыта сваё, дрэвы, ім пасаджаныя. Гаворкі былі чыста літаратурныя, але таксама ён іх зводзіў да неўраджаю, да сьпякоты».
Літаратар Леанід Дранько-Майсюк ведае чалавека, які малым хлапчуком, як і многія іншыя галодныя дзеці, атрымліваў ад Якуба Коласа пачастункі за чытаньне на памяць вершаў народнага паэта. Гэты факт яшчэ больш упэўніў яго ў сямейным таленце народнага паэта і лёг у аснову ягонага апавяданьня пра Коласа.
«Вершы Якуба Коласа я пачуў з вуснаў маці яшчэ да школы. І з таго дашкольнага часу ў мяне склалася пра геніяльнага паэта такое ўяўленьне, што гэта абсалютна сямейны пісьменьнік. Пазьней, калі я пайшоў у першы кляс Давыд-Гарадоцкай школы, ужо паэзія Якуба Коласа гучала з вуснаў настаўніцы, і тыя вершы, якія я чуў у школе, я іх у памяці прыносіў дадому, чытаў дома ў двары на ганку, і гэта былі тыя самыя вершы, якія напамяць ведала мая мама. І вось гэтае ўяўленьне пра Коласа — пісьменьніка народнага, пра Коласа — пісьменьніка вельмі роднага, блізкага, зразумелага, яшчэ раз скажу, сямейнага, яно і засталося ў маёй душы.
У свой час паэт Сяргей Грахоўскі выказаў такую прапанову, зьвяртаючыся да ўлады, што ў кожным ЗАГСе павінен знаходзіцца камплект „Новай зямлі“, каб маладыя людзі, якія ўступаюць у шлюб, у якасьці падарунка ад дзяржавы беларускай атрымлівалі менавіта гэтую геніяльную паэму, якая зьяўляецца ня толькі мастацкім творам, але і вялікай пэдагагічнай кнігай. Чытаючы „Новую зямлю“, можна вучыцца, як будаваць хату, як ствараць сям’ю, як выхоўваць дзяцей, як абрабляць сваё поле і гэтак далей. Я думаю, што некалі гэтая прапанова Сяргея Грахоўскага абавязкова рэалізуецца і нашы маладыя людзі, якія будуць уступаць у шлюб, будуць атрымліваць гэтыя падарункі, якія зноў жа будуць пацьвярджаць вось гэтую маю даўнюю філязофію, што Якуб Колас — паэт, пісьменьнік, пясьняр сямейны, вельмі блізкі, вельмі родны. І ён сваёй творчасьцю будзе дапамагаць жыць яшчэ шмат-шмат якім пакаленьням нашых беларусаў».
Журналіст Валеры Дранчук адным зь першых ушанаваў 130-годзьдзе свайго геніяльнага земляка Якуба Коласа. Ён склаў і выдаў вялікі насьценны каляндар на 2012 год пад назовам «Мой дом». Шыкоўнае выданьне аздобленае фатаздымкамі родных мясьцін песьняра і ягонымі вершамі, лейтматывам якіх сталі радкі: «Малюнкі родныя і зьявы, як вы мне любы, як цікавы!» А вось дзяржава, на ягоную думку, шануе нацыянальнага генія не на належным узроўні.
«З самага раньняга дзяцінства я ведаў, што непадалёк ад майго роднага хутара Гавязна ёсьць такая мройна-велічная Мікалаеўшчына. Нейкая такая плянэта, на якой нарадзіўся Якуб Колас. Сам паэт увайшоў у маю сьвядомасьць найперш сваімі зімовымі вершамі з малюнкамі халадоў. Ня ведаю, чаму так, але гэтыя радкі — „Дзяцінны час, я памятаю прыход зімы ў нашым краі“, альбо „Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому, кліча яго рэчка, цягнуць санкі з дому“ — вось гэта было першымі вобразамі, на якіх я зазнаў імя і зазнаў веліч Якуба Коласа. Я лічу, што Колас менавіта вось гэтай сваёй прыродалюбнасьцю, тонкім лірычным назіраньнем за прыродай — ён для мяне ёсьць творцам вельмі незвычайнага самабытнага і глыбокага інтэлекту. Я б назваў Коласа вялікім інтэлектуалам беларускай нацыі.
Што датычыць ушанаваньня памяці Якуба Коласа, асваеньня яго спадчыны, то тут мы проста не дацягваем. І грамадзтва ў цэлым, і наша эліта. Мы Коласа, па сутнасьці, не шануем. Усё гэта заштампаванасьць і фармальнасьць — тое, што сёньня маем. Я б спыніўся на двух момантах. Першы — гэта тое, што на сёньняшні дзень парк Максіма Горкага мы маем, які, я лічу, трэба даўным-даўно перайменаваць у Коласаў ці Сымонкаў — у гонар Сымона-музыкі. Зрабіць гэта трэба на той падставе, што менавіта ў гэтым месцы Колас жыў перад вайной. Тут быў ягоны дом, нават карову ён тут трымаў у летні час, займаўся пэўнай гаспадаркай, сам калоў дровы на падворку і ствараў вялікую нацыянальную спадчыну.
Другі момант. Я лічу, што „Каласавіны“, якія сёньня адбываюцца па традыцыі, варта было б з зольнага такога часу, што ня вельмі спрыяе ўшанаваньню Коласа з году ў год, і асабліва калі здараюцца такія вялікія даты, перанесьці на больш цёплую пару.
Што да ўшанаваньня на дзяржаўным узроўні, то мерапрыемстваў, вартых нашага генія, я проста ня бачу. Яны не прэзэнтуюцца такім чынам, каб гэта сапраўды было заўважна, што мы ўшаноўваем памяць свайго нацыянальнага генія».
Наколькі поўна выдадзеная творчая спадчына Якуба Коласа? Ці ўсё, напісанае ім, увайшло ў дваццацітомны збор твораў народнага песьняра? Пра гэта распавядае коласазнаўца, доктар філялёгіі Міхась Мушынскі.
«Што датычыць мастацкіх твораў, то, па сутнасьці, яны ўсе апублікаваныя. Няма ў нас зьвестак пра тое, што нейкія мастацкія творы, ці апавяданьні, ці вершы, што яны па нейкіх прычынах не дайшлі да друку. Ня поўна надрукаваная эпісталярная спадчына. Скажам, па дамоўленасьці са сваякамі Кетлер — гэта знаёмая Коласа — пісьмы, якія ёй ён пасылаў, цяпер захоўваюцца ў музэі, але яшчэ ня маюць права быць апублікаванымі. Пры такіх умовах дачка гэтай яго знаёмай гэтыя пісьмы здала ў музэй. Там тэрмін быў дзесяць гадоў, ён заканчваецца ў наступным годзе. Гэтых пісьмаў даволі багата — дзесьці каля двухсот, а можа, нават і дзьвесьце пяцьдзясят.
Канечне, абставіны цяпер складваюцца так, што мы не абсьледавалі тыя мясьціны ці ўстановы, дзе калісьці Колас бываў. Не праверылі пэрыядычныя выданьні Ташкента, як там Колас выступаў у друку. Гэта спэцыяльна трэба туды ехаць, а паспрабуй ты сёньня ў Ташкент вазьмі камандзіроўку. Хто табе дасьць? Не абсьледаваны таксама архівы маскоўскіх выдавецтваў, Славянскага камітэту. Многа там можна знайсьці, калі Колас у часе вайны там друкаваўся, нейкая перапіска там у яго была з рэдактарамі, перакладаў многа, то і зь перакладчыкамі перапіска. У Вільні трэба было б больш пабываць, папрацаваць у архівах „Нашай Нівы“. Таму мы назвалі наша выданьне Коласа дваццацітомнае набліжаным да поўнага.
Калі сказаць, што нейкія ёсьць такія прычыны, што нехта не дае друкаваць, такога я ня ведаю. У апошні ўжо пасьляваенны час Канстанцін Міхайлавіч пачуваўся дрэнна, ён часта хварэў, так што сказаць, што ён мастацкія творы пісаў, але там нехта іх не друкаваў ці што, — гэтага не было. Але вось каб сабраць увесь біяграфічны матэрыял, службовы матэрыял, выступленьні яго недзе на сходах, то ці ўсе тэксты, зь якімі ён выступаў, засталіся ў яго архіве і цяпер могуць быць апублікаваныя, мы пакуль што сказаць ня можам».
Мікола Аўрамчык: «Колас частаваў нас півам і парэчкамі»

Леанід Дранько-Майсюк: «Паэму „Новая зямля“ трэба, каб дзяржава дарыла маладым да шлюбу»

Валеры Дранчук: «Трэба парк імя Горкага перайменаваць у Коласаў парк»

Міхась Мушынскі: «Дваццацітомнае выданьне Коласа набліжанае да поўнага»
Наколькі поўна выдадзеная творчая спадчына Якуба Коласа? Ці ўсё, напісанае ім, увайшло ў дваццацітомны збор твораў народнага песьняра? Пра гэта распавядае коласазнаўца, доктар філялёгіі Міхась Мушынскі.
Няма ў нас зьвестак пра тое, што нейкія мастацкія творы, ці апавяданьні, ці вершы, што яны па нейкіх прычынах не дайшлі да друку