Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД абвясьціла збор сродкаў на помнік Вінцэнту Гадлеўскаму


Аргкамітэт партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя заклікаў ахвяраваць сродкі на ўсталяваньне помніка аднаму з заснавальнікаў хрысьціянскай дэмакратыі ў Беларусі, актывісту нацыянальнага адраджэньня 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя, ксяндзу Вінцэнту Гадлеўскаму. Сёлета спаўняецца 70-гадоў з часу гібелі Вінцэнта Гадлеўскага, якога расстралялі нацысты 24 сьнежня 1942 году ў Трасьцянцы.

З нагоды жалобнай гадавіны актывісты БХД распрацавалі шыльду ў памяць Вінцэнта Гадлеўскага, якую плянуецца павесіць у месцах, зьвязаных зь ягоным жыцьцём і дзейнасцю ў Вільні, Менску, Жодзішках.

У Глыбокім, Мёрах, Гародні і Слоніме зьбіраюць подпісы за перайменаваньне савецкіх вуліц у гонар сьвятара.

Надрукаваныя календары і плякаты ў памяць пра Вінцэнта Гадлеўскага і яшчэ аднаго з заснавальнікаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, ксяндза Адама Станкевіча. Распрацаваны сайт, прысьвечаны памяці сьвятароў.

«Галоўная задача аргкамітэту па ўшанаваньні памяці пакутнікаў — вярнуць Беларусі імёны Вінцэнта Гадлеўскага і Адама Станкевіча, якія ў самыя цяжкія часы заставаліся лідэрамі беларускага нацыянальнага руху», — заяўляе адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.

Адам Станкевіч — заснавальнік БХД, грамадзкі, палітычны і рэлігійны дзеяч, гісторык, пісьменьнік, выдавец. У 1917 годзе адным зь першых перайшоў да казаньняў на беларускай мове падчас набажэнстваў. Загінуў у ГУЛАГу 29.11.1949. У 2012 годзе —120 гадоў з дня нараджэньня Адама Станкевіча.

Вінцэнт Гадлеўскі — адзін з заснавальнікаў БХД, грамадзкі і палітычны дзеяч, перакладчык Новага Запавету на беларускую мову. Расстраляны нацыстамі ў Трасьцянцы. Сёлета — 70 гадоў з дня сьмерці Вінцэнта Гадлеўскага (24.12.1942 г.).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG