Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лужыцкія сэрбы ня вымруць і за 100 гадоў


Янак Воўчар (па-лужыцку Janek Wowčer; па-нямецку Janek Schäfer) — галоўны рэдактар газэты Serbske Nowiny, якая пяць разоў на тыдзень выходзіць на верхнелужыцкай мове ў Будзішыне (нямецкае: Bautzen). Ён распавядае ў Café Europa, як колькасна невялікі народ лужыцкіх сэрбаў у Нямеччыне стараецца захаваць сваю моўна-культурную адметнасьць.

Ян Максімюк: Спадар Воўчар, размову з вамі я хачу пачаць ад агульнага пытаньня, якое датычыць ня толькі вашай нацыянальнай меншасьці ў Нямеччыне, але і іншых малых нацменшасьцяў. Што вы лічыце галоўнай прычынай імкненьня нацменшасьцяў захоўваць сваю мову? Як я разумею, усе лужыцкія сэрбы валодаюць нямецкай мовай, і ў іх не ўзьнікае ніякіх праблемаў у камунікацыі з выключна нямецкамоўнымі суграмадзянамі. Дзеля чаго тады вучыць лужыцкай мове ў школе або публікаваць газэту на лужыцкай мове?

Янак Воўчар
Янак Воўчар
Янак Воўчар: У падмурку памкненьняў кожнай нацыі да захаваньня свае мовы і культуры ляжыць біялягічны інстынкт самазахаваньня. Гэта таксама датычыць нацыянальных меншасьцяў. Яшчэ адна прычына абароны нашай мовы і культуры — у факце, што Эўропа зьяўляецца шматкультурнай. Шмат хто з палітыкаў любіць казаць, што Эўропа — каляровая і разнастайная, асабліва дзякуючы сваім мовам. І што з кожнай страчанай мовай яна робіцца крыху больш шэрай. Ну дык і мы, лужыцкія сэрбы, павінны нешта рабіць, каб Эўропа і ў будучыні заставалася каляровай і разнастайнай. Таму мы змагаемся за сваю мову і культуру. Гэта ўключае штодзённае карыстаньне мовай, якое мы забясьпечваем праз газэту Serbske Nowiny, ды іншыя прапановы ўжываньня гэтай мовы ў штодзённым жыцьці.

Максімюк: Вы галоўны рэдактар газэты Serbske Nowiny. Перш чым запытаць пра вашу працу і працу вашых калегаў, я хацеў бы, каб вы нам далі крыху асабістай інфармацыі: адкуль вы паходзіце, якая ў вас адукацыя, прафэсійны досьвед, веданьне моваў? І якім чынам вы сталі галоўным рэдактарам?

Воўчар: У мяне салідная адукацыя ў нямецкіх і лужыцкіх школах. Я закончыў сярэднюю лужыцкую школу у Будзішыне (Sorbisches Gymnasium Bautzen) у 1995 годзе. Выпускныя экзамэны я здаваў на верхнелужыцкай мове.

Пасьля гімназіі, у 1996-2001 гг., я вывучаў сарабістыку — лужыцкія мовы і культуру — ды журналістыку ў Ляйпцыгу. Прытым, пачынаючы з 1993, я працаваў на лужыцкім радыё. У 2005 годзе я закончыў завочныя курсы журналістыкі ў Дармштаце.

Да 2006 году я працаваў на лужыцкім радыё, на нямецкім радыё MDR1 Radio Sachsen і на лужыцкім тэлебачаньні.

У сьнежні 2006 году я стаў рэдактарам аддзелу моладзі і культуры ў газэце Serbske Nowiny. У 2010 я падаў заяўку на вакантную пасаду намесьніка галоўнага рэдактара і атрымаў гэтую пасаду. З прычыны сур’ёзнай хваробы галоўнага рэдактара мне адразу трэба было прыняць на сябе ягоныя абавязкі. А потым, у 2011, пасада намесьніка была скасаваная, і я падаў заяўку на пасаду галоўнага рэдактара, якім стаў у верасьні 2011.

Вернелужыцкая — мая родная мова, яе я ведаў раней, чым нямецкую, якой мяне пачалі вучыць у садку. У школе я вывучаў таксама расейскую і ангельскую, а ў гімназіі, цягам двух гадоў, чэскую. Славянскія мовы вельмі блізкія да верхнелужыцкай, таму ў мяне не ўзьнікае праблемаў, каб паразумецца па-расейску, па-чэску і па-польску. Ну і мая ангельская таксама нядрэнная.

Максімюк: Раскажыце, калі ласка, пра вашу газэту. Колькі чалавек у ёй працуе, які яе наклад, хто яе фінансуе?

Воўчар: Цяпер у нашай рэдакцыі працуе 13 чалавек: 7 рэдактараў-журналістаў, стажор, фатограф, стыль-рэдактар, 2 графічныя рэдактары, сакратарка. Serbske Nowiny выходзяць як штодзённая вечаровая газэта на чатырох старонках, на выходныя ў нас — восем старонак. Раз на месяц выходзіць дадатак па-нямецку, у якім мы публікуем найважнейшыя навіны са штодзённага лужыцкага жыцьця.

Наклад газэты набліжаецца да 2 тысяч. Газэта распаўсюджваецца амаль поўнасьцю праз падпіску, і купіць яе можна толькі ў адным месцы, у нашым выдавецтве ў Будзішыне. Дзьве тысячы падпісчыкаў — гэта няшмат, але паводле досьледу, які мы праводзілі, штодзень нашу газэту бярэ ў рукі больш за 10 тысяч чытачоў. Да гэтага трэба дадаць наведнікаў нашага сайту ў інтэрнэце і нашай старонкі ў Фэйсбуку.

Газэта выходзіць у выдавецтве «Domowina» ў Будзішыне. Выдавецтва атрымлівае фінансавыя сродкі з Фонду лужыцкага народу, прыблізна 2 мільёны эўра на год. У сваю чаргу, Фонд лужыцкага народу атрымлівае штогод амаль 17 мільёнаў эўра: 8,2 мільёна ад фэдэральнага ўраду; 5,7 мільёна ад зямлі Саксонія; 2,9 мільёна ад зямлі Брандэнбург.

Максімюк: Верхнелужыцкая і ніжнелужыцкая мовы — ўзаемна зразумелыя для іх носьбітаў? Ці ёсьць нейкая газэта або часопіс на ніжнелужыцкай мове?

Воўчар: Гэта не зусім праўда, што тычыцца ўзаемнай зразумеласьці лужыцкіх моваў. Верхнелужыцкая і ніжнелужыцкая — дзьве розныя мовы, як чэская і славацкая. Верхнелужыцкая стаіць бліжэй да чэскай, а ніжнелужыцкая — бліжэй да польскай.

Так, ёсьць тыднёвік па-ніжнелужыцку, які называецца Nowy Casnik. Рэдакцыя, якая таксама падлягае выдавецтву «Domowina», месьціцца ў Котбусе. Газэта выходзіць раз на тыдзень па-ніжнелужыцку і па-нямецку.

Максімюк: Колькі цяпер лужыцкіх сэрбаў? Ці ў апошнім часе ў Нямеччыне быў нейкі перапіс, у якім людзі дэкляравалі сваю этнічную прыналежнасьць? І наколькі лужыцкая мова выкарыстоўваецца ў сямейным жыцьці, па-за школай і афіцыйнымі мерапрыемствамі ў жыцьці меншасьці?

Воўчар: У Нямеччыне каля 60 тысяч лужыцкіх сэрбаў — 40 тысяч у Верхняй Лужыцы і 20 тысяч у Ніжняй Лужыцы.

Апошні такі перапіс, пра які вы кажаце, быў перад ІІ сусьветнай вайной. Потым былі робленыя толькі ацэнкі колькасьці лужыцкіх сэрбаў лідэрамі нацменшасьці. Няма стандартаў для такога этнічнага зьлічэньня.

Лужыцкая мова ў сем’ях выкарыстоўваецца штораз больш. У нас ёсьць вёскі, дзе людзі гавораць дома толькі па-лужыцку, таксама карыстаюцца гэтай мовай на працы, у крамах, на стадыёнах падчас футбольных матчаў. У нас у Лужыцы таксама шмат культурных і іншых таварыстваў, дзе лужыцкая мова адыгрывае важную ролю. Так што лужыцкай мовай карыстаюцца ня толькі ў школе або падчас афіцыйных нагодаў. У дзьвюхмоўных парафіях раз на дзень ёсьць багаслужба па-лужыцку. Як бачыце, лужыцкая мова даволі жывая.

Максімюк: Скажыце некалькі словаў пра адукацыю на лужыцкай мове. Колькі дзяцей у Лужыцы вывучае лужыцкую мову? Лужыцкая — гэта толькі прадмет у школе, ці на ёй выкладаюць і іншыя прадметы?

Воўчар: Я ня помню дакладных лікаў, але каля 5 тысяч дзяцей ходзіць у лужыцкія і дзьвюхмоўныя, лужыцка-нямецкія, школы. У малодшых клясах усе прадметы ідуць па-лужыцку; у старэйшых — такія прадметы як фізыка і матэматыка ідуць па-нямецку і па-лужыцку. Асабіста мяне вучылі такім прадметам, як фізыка і хімія, па-лужыцку. Тут сытуацыя залежыць і ад падыходу настаўніка.

Максімюк: Ці лужыцкую мову чуваць на радыё і ў тэлевізіі?

Воўчар: Так. У нас тры гадзіны штодня (ад пятай да восьмай вечарам) па-верхнелужыцку на радыё MDR Serbski rozhłós ды адна гадзіна (ад 12.00 да 13.00) па-ніжнелужыцку на радыё RBB Bramborske serske radijo. Раз на месяць мы маем паўгадзінную перадачу па-верхнелужыцку і па-ніжнелужыцку ў тэлевізіі.

Максімюк: Ці існуе сучасная літаратура на лужыцкай мове? Можаце назваць нейкія імёны?

Воўчар: У нас шмат пісьменьнікаў. Найбольш вядомы — Кіта Лорэнц (Kito Lorenc). Ён атрымаў шмат прэмій. Таксама вядомая — паэтка Ружа Домашцына (Róža Domašcyna).

Максімюк: Што сярод лужычанаў лічыцца найважнейшай падзеяй культурнага жыцьця?

Воўчар: Найважнейшай культурнай падзеяй у Лужыцы зьяўляецца Міжнародны фальклёрны фэстываль, які лужыцкія сэрбы арганізуюць кожны другі год. На фэстываль, акрамя лужыцкіх ансамбляў, кожны раз запрашаюць 10 фальклёрных гуртоў з усяго сьвету. На кожны фэстываль прыходзіць ня менш за 10 тысяч гледачоў.

Максімюк: Што варта пабачыць у Лужыцы? Калі я прыеду да вас — а я сапраўды выбіраюся ў Лужыцу са сваім рэдакцыйным калегам — дык што мне трэба пабачыць у першую чаргу?

Воўчар: Калі ўжо будзеце у Лужыцы, дык абавязкова паглядзіце Будзішын. Гэта наша сталіца. Тут вам варта пабачыць Сэрбскі дом, выдавецтва «Domowina», Сэрбскі музэй, катэдру сьв. Пятра (Bautzener Dom) і шмат іншых цікавых мясьцінаў. Калі захочаце, я вас правяду.

Максімюк: Дзякую, напэўна пакарыстаемся вашай прапановай. На заканчэньне агульнае пытаньне. Якую будучыню вы прадбачваеце для лужыцкай моўнай і культурнай адметнасьці?

Воўчар: Я гляджу ў будучыню з аптымізмам. Адзін мудры немец калісьці сказаў: «Сэрбы застануцца сэрбамі так доўга, колькі самі захочуць». Гэта правільна. Калі паглядзець на нашу меншасьць сёньня, усюды можна ўбачыць як колькасны рост самой меншасьці, так і якасны рост яе самасьвядомасьці. Я ўпэўнены, што сэрбы будуць жыць у Лужыцы і праз 100 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG