Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы абіраюць новы парлямэнт


Мітынг у падтрымку Віктара Януковіча ў Кіеве, 26 кастрычніка
Мітынг у падтрымку Віктара Януковіча ў Кіеве, 26 кастрычніка

28 кастрычніка ўкраінцы будуць абіраць парлямэнт. Выбары ў Вярхоўную Раду пройдуць паводле зьмененай сыстэмы — прапарцыйна-мажарытарнай.

Новы парлямэнт будзе валодаць меншымі паўнамоцтвамі, чым папярэдні. Выбары праходзяць ва ўмовах, калі лідэры буйнейшых апазыцыйных сіл Юлія Цімашэнка і Юры Луцэнка знаходзяцца за кратамі. Пра расстаноўку сіл перад выбарамі і прагнозы іх вынікаў наш карэспандэнт Валер Каліноўскі пагутарыў з кіеўскім палітолягам Міхаілам Білэцкім.

Міхаіл Білэцкі
Міхаіл Білэцкі
Украіна пасьля абраньня прэзыдэнтам Віктара Януковіча з парлямэнцка-прэзыдэнцкай пераўтварылася ў прэзыдэнцкую дзяржаву. Цяпер фармаваньне ўраду наўпрост не залежыць ад вынікаў парлямэнцкіх выбараў, не абавязковая таксама кіроўная кааліцыя ў Вярхоўнай Радзе. Тым ня меней гэтыя выбары будуць значыць шмат і для ўлады, і для апазыцыі, а таксама для міжнароднай супольнасьці, занепакоенай актыўным рухам украінскіх уладаў у бок аўтарытарызму.

Паводле кіеўскага журналіста і палітоляга Міхаіла Білэцкага, грамадзтва расчаравалася ў палітыцы кіроўнай Партыі рэгіёнаў на чале з прэзыдэнтам Віктарам Януковічам, таму ў выніку выбараў партыя ўлады можа моцна здаць свае пазыцыі ў парлямэнце:

«Але асноўная маса выбарцаў Партыі рэгіёнаў, сканцэнтраваная на Ўсходзе і Поўдні, яна ўсё роўна пераважае лікам. Калі і дапусьціць, што масавае расчараваньне адверне людзей ад галасаваньня, то ўсё роўна Партыя рэгіёнаў набярэ сваіх 25 працэнтаў як мінімум».

Дадатковыя мандаты Партыя рэгіёнаў спадзяецца атрымаць у мажарытарных акругах, якія фармуюць палову парлямэнту. Дзеля станоўчага выніку «партыі ўлады» актыўна ўжываецца так званы адміністратыўны рэсурс ды розныя формы выбарчых маніпуляцыяў.

Апазыцыя ў цэлым таксама падышла да выбараў аслабленай. Галоўная праблема — яе раздробленасьць, адсутнасьць адзінства ў дзеяньнях. Апазыцыі не ўдалося дамагчыся, каб яе прадстаўнікі былі ва ўсіх выбарчых камісіях, кажа спадар Білэцкі:
У пераважнай большасьці камісій апазыцыя не прадстаўленая

«У пераважнай большасьці камісій апазыцыя не прадстаўленая. Больш за тое, была выкарыстаная нейкая новая тэхналягічная схема, якая вывела на тое, што апазыцыйныя партыі, якіх у нас цяпер выйшла мінімум чатыры, паступова перасварваюцца паміж сабою».

Аб’яднаная апазыцыя «Батьківщина» аслабленая адсутнасьцю харызматычных лідэраў Юліі Цімашэнкі і Юрыя Луцэнкі, якіх з палітычных матываў засудзілі і цяпер трымаюць за кратамі. Новая яркая апазыцыйная сіла на палітычнай сцэне Ўкраіны — партыя чэмпіёна сьвету па боксе Віталія Клічка «Удар», якая ў перадвыбарчых рэйтынгах зраўнялася з «Батьківщиною» — каля 20 працэнтаў выбарцаў гатовыя галасаваць за кожную з гэтых палітычных сілаў. Разам яны могуць набраць больш, чым «партыя ўлады», але іх пасьлявыбарчае яднаньне не гарантаванае, кажа Міхаіл Білэцкі:

«Казаць пра тое, што партыя „Удар“ будзе ўваходзіць у так званую аб’яднаную апазыцыю на ўзроўні „малодшага брата“, — у гэтым ёсьць вялікі сумнеў. Яны будуць доўга таргавацца, і, магчыма, улада-такі дасягне таго, чаго яна хацела — расьцерушыць апазыцыю».

Электаральная мапа Ўкраіны па-ранейшаму застаецца падзеленай на нацыянальна сьвядомы Захад і прарасейскі Ўсход. Але нядаўняя спроба Партыі рэгіёнаў унесьці дадатковы раскол праз моўнае пытаньне, падвышэньне статусу расейскай мовы, у выбарчым пляне асаблівага плёну не дала, мяркуе кіеўскі палітоляг Міхаіл Білэцкі. На вынік выбараў, лічыць ён, моўнае пытаньне асабліва не паўплывае. Палітоляг не выключае, што новаабраны парлямэнт будзе расколаты і нейкі час недзеяздольны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG