Даведка «Свабоды»: Трансплянталёгія ў Беларусі
Колькі каштуе трансплянтацыя
Цяпер у Беларусі робяць апэрацыі па трансплянтацыі ныркі, касьцявога мозгу, пячонкі, сэрца, праводзяць перасадкі ствалавых клетак чалавека і тканак: рагавіцы, скуры і касьцявой тканкі.
Грамадзянам Беларусі апэрацыі па перасадцы органаў праводзяцца бясплатна.
Каштарысы апэрацыяў:
Нырка:
апэрацыя — $6–13 тыс.
пасьляаперацыйная тэрапія аднаго хворага на год — $5 тыс.
Пячонка:
апэрацыя — $30–35 тыс.
лячэньне пасьля апэрацыі — $6 тыс. на год
Сэрца:
апэрацыя — $30–50 тыс.
тэрапія, каб орган прыжыўся ў арганізьме, — $15 тыс. на год.
Цэны на трансплянтацыю за мяжой:
сэрца — $500 тыс.
пячонка — $50–100 тыс.
ныркі, падстраўнікавая залоза — $30–40 тыс.
Чарга па нырку — 500 чалавек
Паводле Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод у сьвеце выконваецца 100 тысяч апэрацыяў па трансплянтацыі органаў і больш за 200 тысяч апэрацыяў па трансплянтацыі тканак і клетак чалавека.
Разьлікі міжнароднай Асацыяцыі трансплянтолягаў сьведчаць, што ў краіне з 10-мільённым насельніцтвам штогод перасадка ныркі патрэбная 600 хворым, пячонкі — 400-м, перасадка сэрца — 500-м. Агулам такой краіне патрэбна больш за 2 тысячы апэрацыяў трансплянтацыі на год.
У Беларусі за 2011 год мэдыкі зрабілі 25,5 апэрацыяў на адзін мільён насельніцтва. Для параўнаньня: у ЗША за год робяць 90 апэрацыяў на 1 мільён насельніцтва.
Чарга на трансплянтацыю паводле стану на травень 2012 году:
- Нырка — 500 чалавек
- Пячонка — 75
- Падстраўнікавая залоза — 20
- Сэрца — 35
У Беларусі ёсьць ліміт на апэрацыі для замежнікаў — ня болей за 10% ад агульнай колькасьці. Найбольш кліентаў прыяжджае з Украіны, Расеі, таксама едуць з Ізраілю, Літвы, Латвіі, Даніі і Італіі.
У 2008 годзе група мэдыкаў 9-га менскага гарадзкога клінічнага шпіталя правяла першую апэрацыю перасадкі пячонкі. Апэрацыя доўжылася 12 гадзін, у ёй удзельнічала каля 20 спэцыялістаў. Для правядзеньня апэрацыі спатрэбіліся кампанэнты крыві 38 донараў.
Апэрацыя перасадкі пячонкі лічыцца адной з самых складаных у трансплянталёгіі.
За 2008 год у Беларусі пячонку перасаджвалі 9 разоў.
- У 2009 — 25.
- У 2010 — 17.
- У 2011 — 43.