Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неўязны міністар паўстане перад судом


Яўген Полудзень
Яўген Полудзень

Завершана расьсьледаваньне крымінальнай справы былога намесьніка міністра ўнутраных спраў Беларусі Яўгена Полудня, якога вінавацяць у карупцыі.

Cа Сьледчага камітэту справа паступіла ў Генэральную пракуратуру, і неўзабаве былы міліцэйскі начальнік паўстане перад судом.

Паводле кіраўніка Сьледчага камітэту Валера Вакульчыка, Яўген Полудзень падазраецца ў атрыманьні ад чыноўнікаў органаў унутраных спраў матэрыяльных каштоўнасьцяў і грашовых сродкаў, злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі. Гэта нанесла шкоду дзяржуласнасьці ў буйным памеры. Каштоўнасьці і грошы Полудзень атрымліваў сыстэматычна і працяглы пэрыяд.

Прадстаўніца прэс-службы Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова сказала, што ў інтарэсах сьледзтва ніякія падрабязнасьці пакуль не разгалошваюцца.

«Мера стрыманьня абвінавачанаму не мянялася і застаецца ранейшай — заключэньне пад варту. Мы будзем чакаць вынікаў судовага пасяджэньня, і потым можна будзе казаць пра нейкія высновы».

Былы палкоўнік Полудзень кіраваў міліцыяй грамадзкай бясьпекі са жніўня 2009 году. Крымінальную справу супраць яго распачалі 8 сьнежня мінулага году, і ў той жа дзень узялі пад варту. А 27 сьнежня яго звольнілі ў запас з пасады намесьніка міністра ўнутраных спраў — начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі за ўчынкі, якія дыскрэдытуюць органы ўлады. Тэрміны расьсьледаваньня справы працягваліся некалькі разоў.

На сваёй пасадзе Полудзень вызначыўся яшчэ і ўдзелам у здушэньні масавых пратэстаў супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і маўклівых акцый. За гэта ў студзені 2011 году яго ўключылі ў сьпіс неўязных на тэрыторыю краін Эўразьвязу. У тым ліку за неадэкватнае прымяненьне сілы з боку міліцыі, адзначае праваабаронца Гары Паганяйла:

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла
«Многіх грамадзянаў проста зьбівалі, адбываліся адвольныя затрыманьні, хоць пратэсты мелі абсалютна мірны характар. А тое, што ён яшчэ выявіўся і карупцыянэрам — гэта ўся сыстэма МУС, пракуратуры, судоў пагрузла ў карупцыі. Усе яны лічаць, што ім усё даруецца за іх вернападданьніцкае служэньне гаспадару. Але паддывановая барацьба небясьпечная тым, што адзін час цябе церпяць, а ў другім выпадку цябе здае тая ж сыстэма».

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў
Падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў мяркуе: улады палічылі, што Полудзень для іх — проста адпрацаваны матэрыял, а падстаў для пачатку крымінальнай справы было дастаткова. Яго паказальна вырвалі з сыстэмы і паказальна будуць судзіць на навуку іншым. Чаму міліцэйскага начальніка вінавацяць за хабар, але ён не адказвае за разгон мірных акцыяў? Мікалай Казлоў лічыць, што калі б за гэта каралі, то трэба было б караць з самага верху:

«У нас жа прэзыдэнт казаў, што бярэ на сябе адказнасьць. Яму ўтараваў Куляшоў: не, гэта я бяру. У іх нават спрэчка ўзьнікла, хто ж нясе адказнасьць за тое, што адбылося ў 2010 годзе падчас разгону Плошчы. Калі б гэта адбылося і пачаліся пакараньні за разгон, трэба было б ісьці далей, бо і цяпер працягваюцца нематываваныя затрыманьні, неправасудныя рашэньні судоў. Тады рухне ўся сыстэма, ёй таксама давядзецца ісьці ў турму».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG