Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель. «Усе баяцца вялікага скачка»


У Гомелі ў гэтыя дні чэргі можна ўбачыць ля многіх абменных пунктаў валюты.

Асабліва ў людных месцах, у прыватнасьці, на Прывакзальнай плошчы. Ля мабільнага абменьніка «Франсабанка» у чарзе больш за дзясятак гараджанаў.

Сярэдніх гадоў мужчына лічыць, што падвышэньне попыту на валюту зьвязана найперш з боязьзю дэвальвацыі рубля:

«Я думаю, што гэта чарговая хваля. Камусьці гэта выгадна, камусьці гэта трэба. Курс даляра крыху вырас, але купляюць не з-за гэтага. Усе баяцца дэвальвацыі, дэнамінацыі — вялікага скачка. Скажам, як было раней: з трох да васьмі тысяч. Баяцца гэтага людзі».

Кабета з чаргі разважае:

«Гэта — ажыятаж, самі між сабой ганяюць яго. Ажыятаж самі людзі на вуліцы робяць, паніку такую. Хтосьці мяняе, а хтосьці купляе. Учора апошні раз была ў банку — штодня хаджу ў банк з дакумэнтамі, і заўсёды ўсякая валюта ёсьць у наяўнасьці».

«Франсабанк» сёньня сапраўды прадаваў і купляў валюту. Купіць яе можна было крыху таньней, чымсьці ў суседніх абменьніках. Таму, відаць, і ўтварылася чарга.

У абменьніку «Тэхнабанку» чарга была напалову меншая. Тут у асноўным здавалі валюту. Даляр, у прыватнасьці, бралі за 8 тысяч 570 беларускіх рублёў.

Апэратарка абменьніка тлумачыць празь перагаворнае прыстасаваньне:

«Здаюць і купляюць. Я і ўчора тут працавала. У мяне, у прынцыпе, атрымалася так: колькі купіла, столькі даляраў практычна й прадала. Шэсьць тысяч за ўчарашні дзень купіла і столькі ж прадала».

Найбольш запатрабаваны цяпер, як сьцьвярджае апэратарка, даляр. Купляюць людзі і расейскія рублі, і ўкраінскія грыўні.

Спадарыня Валянціна тлумачыць: «Мне трэба паехаць ва Ўкраіну, а там нашы грошы не ідуць. Таму я й хачу грыўні або даляры. Папыталася грыўняў — грыўняў няма. Пайду далей глядзець. Даляры ёсьць — па 8630 рублёў, а там — па 8620. Туды й пайду, там — таньней».

Тым часам управа інфармацыі Нацыянальнага банку паведамляе, што перадумоваў для «рэзкай дэстабілізацыі сытуацыі на валютным рынку няма». Проста беларусы сталі больш купляць валюты з прычыны «істотнага падвышэньня ў апошні час даходаў насельніцтва». І калі дзе-кольвечы ў абменьніках бракуе валюты, управа інфармацыі раіць тэлефанаваць у кантакт-цэнтар Нацыянальнага банку праз тэлефон 8 (017) 306-00-02, каб спэцыялісты адпаведных структурных падразьдзяленьняў адрэагавалі на дэфіцыт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG