Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЭ: Беларускія ўлады мусяць вызваліць палітзьняволеных


Палітычная Рада Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы заклікала кіраўніцтва Беларусі вызваліць усіх палітзьняволеных.

Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве, ухваленай сёньня на паседжаньні Рады ў Страсбуры і зьмешчанай на афіцыйным сайце арганізацыі.

У заяве, у прыватнасьці, падкрэсьліваецца, што беларускія ўлады павінны «тэрмінова і безадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных вязьняў, у тым ліку тых, хто быў памілаваны ўказам прэзыдэнта.

Удакладняецца, што ўсе дванаццаць палітзьняволеных застаюцца ў турмах. І ёсьць сур’ёзныя апасеньні, што ў адносінах да некаторых зь іх ужываюцца катаваньні, мэдычнае абслугоўваньне ў месцах пазбаўленьня волі недастаткова кваліфікаванае, а доступу да юрыдычнай дапамогі практычна няма зусім.

У заяве ПАРЭ канстатавана, што пасьля прыняцьця апошняй рэзалюцыі Асамблеі сёлета ў студзені сытуацыя з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі не паляпшаецца:

«У Беларусі правы чалавека і палітычныя свабоды па-ранейшаму парушаюцца, а палітычныя апанэнты перасьледуюцца. Ніякія далейшыя крокі не былі зробленыя ў кірунку скасаваньня сьмяротнага пакараньня ў краіне ці ўвядзеньня мараторыю на фактычнае забойства», — гаворыцца ў заяве Палітычнай Рады Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG