Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ні растваральнікаў, ні біядызэлю


Беларусь можа страціць бязмытны экспарт ня толькі растваральнікаў і разбаўляльнікаў, але і біядызэлю. Тады краіна панясе дадатковыя страты. У афіцыйных структурах не жадаюць гаварыць на гэтую тэму.

Напрыканцы мінулага тыдня прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч сустрэўся са сваім расейскім калегам Дзьмітрыем Мядзьведзевым на саміце СНД у Ялце. Аднак нідзе не паведамлялася, ці абмяркоўвалася падчас гэтай сустрэчы пытаньне скандальнага экспарту беларускіх растваральнікаў і разбаўляльнікаў. А менавіта Мядзьведзеў яшчэ ў траўні даручыў фэдэральным службам разабрацца зь ценевым экспартам нафтапрадуктаў пад выглядам хімічных кампанэнтаў. Прадстаўнік расейскага Інстытуту энэргетыкі і фінансаў Сяргей Агібалаў адзначае, што гэтае пытаньне застаецца на парадку дня на ўрадавым узроўні, аднак будзе пераведзена ў непублічную сфэру. Таму няма чаго дзівіцца, што яе не было ні пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімерам Пуціным у Сочы, ні пасьля сустрэчы кіраўнікоў урадаў у Ялце, адзначае Агібалаў:

«Калі няма чаго паведаміць, то, хутчэй за ўсё, няма нічога добрага. Бо пра дрэннае звычайна не паведамляюць. Таму гэта можна трактаваць толькі не на карысьць Беларусі. Гэта азначае, што ёсьць пэўныя пункты напружаньня, якія неабходна абмеркаваць. Але нейкага прагрэсу гэтае абмеркаваньне не дало».

Ці запатрабуе Расея кампэнсацыю ў Беларусі за страчаныя, паводле папярэдніх ацэнак, 2 мільярды даляраў? Экспэрт Сяргей Агібалаў мяркуе, што гэта тонкае палітычнае пытаньне.

«Хутчэй за ўсё, яно можа прыняць ня столькі грашовую форму, колькі выявіцца ў некаторых саступках па пэўных пытаньнях, якіх многа паміж Беларусьсю і Расеяй. Наўрад ці тут можна прыйсьці да нейкай канкрэтнай лічбы, што Беларусь павінна заплаціць менавіта столькі, бо дэ-факта Беларусь ня зможа заплаціць. Яна ў пэўнай ступені цяпер датуецца і крэдытуецца праз ЭурАзЭС у Расеі. Таму патрабаваньне кампэнсацыі магчымае, але, хутчэй за ўсё, будзе нейкі іншы палітычны разьмен».

Беларускі бок пакуль трымае паўзу. Прадстаўнік Беларусі ў Радзе Эўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Румас на днях зьняпраўджваў паведамленьні, што нібыта афіцыйны Менск заблякаваў прапановы Расеі па разбаўляльніках і растваральніках. Сёньня ён адмовіўся размаўляць на гэтую тэму. Не пажадалі яе абмяркоўваць і ў «Беларускай нафтавай кампаніі».

Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што пытаньне вырашана, бо з другой паловы гэтага году Расея не пастаўляе нафтапрадукты, зь якіх можна вырабляць тыя растваральнікі. Адносна таго, што Беларусь нібыта працягвае іх пастаўкі, спадар Злотнікаў сказаў, што гаворка тут ідзе яшчэ і пра біядызэль.

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў
«Біядызэль пастаўляецца на Ўкраіну. І гэтае пытаньне яшчэ да канца ня вырашанае: як быць з пастаўкамі біядызэлю бяз мыта на Ўкраіну. Гэтае пытаньне цяпер знаходзіцца на вырашэньні ва ўкраінскага ўраду».

Цяпер Беларусь ужо нясе страты з-за таго, што на патрабаваньне Расеі спынены бязмытны экспарт растваральнікаў і разбаўляльнікаў. За першую палову году прыбытак склаў каля двух з паловай мільярдаў даляраў. Леанід Злотнікаў ня лічыць гэтыя пастаўкі незаконнымі:

«У пералік прадуктаў, на якія павінна гэтае мыта накладацца, растваральнікі не ўваходзілі. Выходзіць, што юрыдычна беларусы нічога не парушалі. Але фактычна ад таго, што некалі юрысты недагледзелі, страціла расейская казна. Яны гэтую справу паправілі. Яны хацелі юрыдычна аформіць, каб растваральнікі, біядызэль нельга было вывозіць за прастору Мытнага зьвязу. І гэта камісія Мытнага зьвязу разглядала. Але беларусы наклалі вета на гэтае рашэньне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG