Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі атрымаў «польскага Нобэля»

абноўлена

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

У Гданьску Натальля Пінчук атрымала прэмію Леха Валэнсы, якую прысудзілі яе мужу Алесю Бяляцкаму.

Прэмія палітвязьню Алесю Бяляцкаму была прызначаная за ягоны «ўнёсак у абарону правоў чалавека і дапамогу людзям, якіх перасьледуюць беларускія ўлады».

Як паведаміў «Свабодзе» прадстаўнік Інстытуту Леха Валэнсы Зьдзіслаў Войцік, цырымонія ўручэньня адбылася ў Гданьску ў Двары Артуса. На яе запрасілі жонку Алеся Бяляцкага Натальлю Пінчук, якая і атрымала прэмію з рук Леха Валэнсы.

Лех Валэнса, уручаючы прэмію Натальлі Пінчук, сказаў: «Мы ўдзячныя за тое, што дагэтуль зрабіў Алесь Бяляцкі за ягоную ахвярнасьць. Аднчасова мы хочам падтрымаць яго ў мірным змаганьні за перамены ў ягонай краіне»

Лех Валэнса дадаў, што аб’яднаная Эўропа не можа забывацца пра праблемы суседзяў: «Бо ў Эўропе яшчэ шмат месцаў, якія патрабуюць дапамогі, падтрымкі і пераменаў».

На цырымонію ў Гданьск былі запрошаныя таксама былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч ды дзейны сьпікер польскага Сэнату Багдан Барусэвіч, які, прамаўляючы, адзначыў, што ў цяпер у Беларусі «працягвае існаваць СССР». «Гэта праз глупства і памылкі польскіх чыноўнікаў у лістападзе мінулага году Алесь Бяляцкі быў пакараны турмой», — адзначыў таксама ён.

Прэмія Леха Валэнсы ўручаецца ўжо пяты раз, аднак упершыню ляўрэат ня змог атрымаць яе асабіста.

«У камітэце, які абірае ляўрэата прэміі, мы даўно зь непакоем думалі, што некалі прыйдзе такі дзень, калі ворагі свабоды і дэмакратыі не дазволяць гэтаму ляўрэату атрымаць прэмію асабіста. І вось менавіта такая сытуацыя здарылася ў выпадку Алеся Бяляцкага», — заявіў сябра камітэту, был прэм’ер-міністар Польшчы Ян Кшыштаф Бялецкі.

Акрамя спадароў Шушкевіча і Бялецкага, у камітэт узнагароды ўваходзяць былыя міністры замежных спраў Францыі і Польшчы, былы прэзыдэнт Румыніі, прэм’ер Славаччыны ды былая старшыня Бундэстагу.
Прэзыдыюм цырымоніі ўзнагароджваньня
Прэзыдыюм цырымоніі ўзнагароджваньня


Прэмія Леха Валэнсы ўручаецца асобам, інстытуцыям ці рухам, якія дзейнічаюць дзеля паразуменьня і супрацоўніцтва паміж народамі, свабоды і абароны правоў чалавека. Папярэднім ляўрэатам стаў былы прэзыдэнт Бразыліі Лула да Сільва.

Прэмію Леха Валэнсы заснаваў у 2008 годзе былы прэзыдэнт Польшчы і кіраўнік прафсаюзу «Салідарнасьць» Лех Валэнса як своеасаблівы знак падзякі за тую падтрымку, якою стала прысуджэньне яму Нобэлеўскай прэміі міру ў 1983 годзе. Ляўрэат атрымлівае статуэтку, дыплём і чэк на 100 тысяч даляраў.

Натальля Пінчук заявіла «Свабодзе», што бачыць у прэміі сымбаль салідарнасьці з Алесем:

«Яна сымбалізуе міжнародную падтрымку. Алесь варты гэтай прэміі, паколькі за доўгі час сваёй працы ён імкнуўся зрабіць усё неабходнае, каб адстойваць правы чалавека на Беларусі. Я думаю, што калі ён даведаецца пра гэта, ён будзе таксама ўзрадаваны. Гэтая навіна, можа, у нейкай ступені дасьць сілы супрацьстаяць там, у турме ўсяму таму, што адбываецца зь ім».
Гэтая навіна, можа, у нейкай ступені дасьць сілы супрацьстаяць там, у турме ўсяму таму, што адбываецца зь ім

Натальля разглядае гэтую прэмію як яшчэ адно намаганьне міжнароднай супольнасьці дзеля вызваленьня Алеся з турмы. Днямі Натальля даведалася, што ў Бабруйскай калёніі на 50-ты дзень народзінаў, які адзначаўся 25 верасьня, Алеся Бяляцкага перавялі ў штрафны ізалятар:

«Улады па-свойму адзначылі юбілей, па-свойму паставіліся да гэтай даты. Тое, што зараз адбылося з Алесем, выяўляе, што на яго ідзе моцны ціск. І тое, што гэта адбылося на фоне выпуску з турмы двух палітвязьняў, кажа пра тое, што ўлады наўмысна дэманструюць, што трэба зрабіць, каб выйсьці на волю».

На гэтым тыдні Лукашэнка адпусьціў з турмы двух палітвязьняў — Сяргея Каваленку і Паўла Сырамалотава, якія напісалі на ягонае імя звароты з просьбай аб памілаваньні.

Сама Натальля адзначыла 50-ты дзень народзінаў мужа ў Польшчы разам з сынам, у шпіталі, куды той трапіў:

«Я прарвалася да Адама ў шпіталь, гэта было каля 10-й вечара, так што ў гэты дзень удалося пабыць нам разам і згадаць бацьку, і вось такім чынам адзначыць».

Апрача прэміі Леха Валэнсы, на гэтым тыдні Натальля атрымала дыплём прэміі Дзярждэпартамэнту ЗША, якая была прысуджаная Алесю Бяляцкаму за дзейнасьць у галіне абароны правоў чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG