Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: Быкаў як ахвяра нігілізму


У Горадні супала: раптам выявіліся сшыткі «зь вершамі Быкава» і памёр Мікалай Мельнікаў, які разам з паплечнікамі стварыў грамадзкі музэйчык пісьменьніка. Каля дзесяці гадоў Мельнікаў стукаўся ў дзьверы да начальства, пісаў лісты. Хацеў разгарнуць экспазыцыю, каб музэй Быкава не на птушыных правах існаваў, а – як усе іншыя ў Горадні, каб туды траплялі экскурсіі не гады ў рады.

Але кнігі, рэчы Быкава засталіся ў цесным вузкім пакойчыку вэтэранскай арганізацыі, Мельнікава ня стала, а друкарня абласная зрабіла «сьмелы патрыятычны ўчынак». Сама зьдзівілася мабыць: пісьменьніку, на якога нават пасьля яго сьмерці скоса пазірае начальства, прысьвяціла школьны сшытак. Партрэт на вокладцы падпісалі па-беларуску, на мову не забыліся яшчэ! Але вершык, пры чым тут вершык? Ды яшчэ на расейскай мове?

Чужая душа – буралом, але паспрабуем паразважаць. Скажам, вы атрымалі заданьне: знайсьці твор пісьменьніка для сшытка. Але што ён пісаў – для вас цёмны лес. Што вы зробіце ў такім разе? Ясна: возьмеце ў рукі энцыкляпэдыю. Але навошта сабе дурыць галаву? Калі вы сучасны чалавек! Элемэнтарная рэч: пстрык-пстрык і вы на інтэрнэт-старонцы. Але ў вас няма беларускага шрыфту, раз, другое, у вас няма ў галаве такога навыку – карыстацца беларускімі сайтамі. Таму вы ідзеце нават не на «прозу-ру», а – на «сьціхі».

А магчыма ўсё было ў адваротным парадку: вы папісваеце вершыкі, напрыклад, пад Ясеніна і вам трапляецца верш Быкава. Якая ўдача! Якраз трэба сшытак з партрэтам зрабіць! А наконт вершаў ягоных, ясна, у падсьвядомасьці сядзіць як ганталь той самы пасаж у стылі Мюнхаўзэна, прамоўлены з высокай трыбуны. Хто б сёньня сумняваўся наконт паэзіі пісьменьніка! Хіба толькі які апазыцыянэр жоўчны, які ўладу ня любіць.

Для мяне асабіста ў гэтай бязглуздай гісторыі ёсьць яшчэ адзін яскравы момант: службы друкарні сядзяць у былой рэдакцыі «Гродзенскай праўды», дзе ёсьць пакой, у якім калісьці працаваў сам Васіль Быкаў, калі жыў у Горадні. І я нават магу паказаць месца, дзе стаяў стол, за якім ён працаваў. Але дух пісьменьніка, мабыць, больш не прысутнічае ў будынку, а друкарскім службоўцам ня прыйдзе да галавы яго выклікаць. Тым больш яны ніколі ня чулі аб такім факце, а шыльды наконт Быкава дагэтуль няма на сьцяне.

Другое: калі б дзьверы музэя Васіля Быкава ў Горадні былі заўсёды шырока расчыненыя, можа штось зварухнулася б у галаве працаўніка друкарні, і ён дадумаўся зьвярнуцца туды, каб высьветліць, напрыклад, «якія вершы Быкава лепшыя, з чаго выбіраць»? Зрэшты, я сам разумею, што мае спадзяваньні на гэта кволыя. Ня ведаеш пра музэй, затэлефануй, скажам, у Саюз пісьменьнікаў, ва ўнівэрсытэт, удакладні. Але навошта дурыць сабе галаву? Калі тэлевізар у вочы табе мовіць: у нас адна мова з расейцамі, што нават Пуцін паўтараць стаў, а Быкаў пісаў цудоўныя вершы. Зразумела, на мове Пуціна.

Тонкая матэрыя нацыянальнай сьвядомасьці! Тое, што начальства гарадзенскае зрабіла крок наперад, а потым два назад, паклаўшы пад сукно назву «вуліца Быкава», таксама падлівае вады ў блёкат беларускага нігілізму! Пабудавалі ў Горадні на кароткай, але прыгожай вуліцы, дзе не было жыхароў, тры кватэрныя гмахі, але пабаяліся зацьвердзіць канчаткова новую назву, пакінулі старую – «завулак Паповіча». Паповіч у будаўнічых дакумэнтах, мяняць – сьмерці падобна! – бездапаможна разьвяла рукамі чыноўніца, але паабяцала мне, што ў далёкай будучыні, калі архітэктары з нуля намалююць у чыстым полі вялікі праспэкт, усе шанцы, што Быкава ўспомняць. «Але ж гэтага ня будзе ніколі», чыталася за словамі.

Што ж, начальства невысокае ўласных думак баіцца, справа вядомая. Тым больш здымеш капялюш перад ЖЭСам і ўчастковым: больш за год стаіць у цэнтры Горадні пад кустом на Дамініканскай самаробная шыльда з партрэтам Васіля Быкава. Паставілі яе актывісты «Гавары праўду», напісалі, што побач у доме некалі жыў пісьменьнік. Дом даволі звычайны, што праўда: адрамантавалі яго звонку і нават шклопакетаў не пашкадавалі. У ім была першая кватэра пісьменьніка ў горадзе.

Хтосьці сказаў: пра пачаткі нацыянальнай еднасьці можна гаварыць, калі розныя людзі могуць прачытаць напамяць вершы са школьнай праграмы, знойдуць агульную мову на гэтай падставе. У савецкія часы, калі ўсё беларускае было пад прыгнётам, нават чыноўнікі бязь цяжкасьці маглі працытаваць «Тараса на Парнасе» або ўрыўкі з «Кургана» ці «Новай зямлі». А сёй-той любіў яшчэ сачыніць вершык у падражальніцкай манэры, асабліва калі пад чарку надаваўся.

Усё прайшло, мінула,
Як і не было,
У капцох паснула,
Зельлем зарасло.

Сёньня мы зьбіраемся за сталом і напружваем галовы, каб штось узгадаць прыдатнае. Ну вось, хаця б Быкава. Якія ў яго там вершы былі? Пачакай-пачакай, зараз-зараз. Але ж галава! Давай лепш на «сьціхі-ру» сходзім, каб чаго не пераблытаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG