Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заблытаўся з памілаваньнямі


Аляксандар Лукашэнка сказаў, што месяц таму на яго імя паступілі два хадайніцтвы аб памілаванані ад двух асуджаных за падзеі 19 снежня 2010 года падчас прэзыдэнцкіх выбараў.


«Калі не памыляюся, два чалавекі звярнуліся месяц назад», — сказаў Лукашэнка, адказваючы ў нядзелю на пытаньні журналістаў.

Пры гэтым ён не назваў, пра каго з асуджаных ідзе гаворка. «Скажу шчыра, ня ведаю, ня ў курсе справы, — сказаў Лукашэнка. — Калі звароты паступілі, дакументы знаходзяцца ў камісіі па памілаваньні. Мы вас праінфармуем».

Былы кандыдат у прэзыдэнты, палітвязень Мікола Статкевіч не пісаў прашэньня аб памілаваньні. Пра гэта заявіла яго жонка Марына.

«Я думаю, што гэтае пытаньне крыху нават лішняе. Бо Мікола выказваў сваю пазыцыю неаднаразова, і, безумоўна, ніякіх прашэньняў ён не пісаў і пісаць іх не зьбіраецца. Наадварот, ён нават напісаў заяву да адміністрацыі, каб больш да яго з прапановай аб прашэньні не зьвярталіся. Ён казаў, што дамогся ад іх чэснага слова. Мікола добра ўсьведамляе і не адзін раз пра гэта гаварыў і заяўляў у апошнім сваім слове ў судзе, што прасіць прашэньня ў злачынцаў — гэта недапушчальна.Такія рэчы для яго непрымальныя ні з маральных, ні з палітычных пазыцыяў. Бо ён ня можа здрадзіць людзям, якія яму паверылі, ён ня можа здрадзіць справе, якой займаецца цягам 20 зь лішнім гадоў».


Як паведаміла «Свабодзе» маці палітвязьня Марына Лобава, яе сын Эдуард Лобаў ніякіх просьбаў аб памілаваньні не пісаў. Паводле яе інфармацыі, з такой просьбай да Аляксандра Лукашэнкі зьвярнуліся палітвязьні Сяргей Каваленка і адзін з асуджаных анархістаў, які дакладна, яна ня ведае.


У прэс-службе кіраўніка Беларусі БелаПАН ўдакладнілі, што з прашэньнем аб памілаваньні на імя кіраўніка дзяржавы зьвярнуліся Сяргей Каваленка і Павал Сырамалотаў. Аднак яны не зьяўляліся фігурантамі справы аб падзеях 19 сьнежня 2010 года ў Менску.

Сяргей Каваленка асуджаны па абвінавачваньні ва ўхіленьні ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі. Размова ідзе аб пакараньні, якое было вынесена апазыцыянэру ў траўні 2010 года за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска.

Павел Сырамалотаў — адзін з анархістаў, асуджаных на 7 гадоў зьняволеньня за спробу падпалу будынка КДБ у Бабруйску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG